Читать «На ўсходзе сонца» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Ля пралому яны спыніліся, сяржант выглянуў, хвіліну счакаў і, нібы ў сцюдзёную ваду, імкліва рынуўся цераз вуліцу да сцяны процілеглага дома. Сінцоў і Чарняк скіравалі следам, а Туркоўскі нешта прамарудзіў, і калі высунуўся бегчы, ад ратушы загрукалі стрэлы. Высякаючы на каменнях бруку сінія іскры, наўкола разляцеліся кулі, а Туркоўскі вёртка сігануў назад і знік у праломе.
Пад сцяной з агромністай, скіраванай уніз стрэлкай рэкламы байцы аддыхаліся, тут яны былі ў нейкай бяспецы, закрытыя ад ратушы вуглом шэрага, падзёўбанага асколкамі дома. Сяржант узіраўся ў руіны, дзе застаўся іхні чацвёрты таварыш, і, не ўбачыўшы яго, крыкнуў:
— Гэй, давай бягом!
Туркоўскі нясмела высунуўся з-за пашчэрбленага ўскрайка сцяны, але кулямёт з ратушы зноў сыпануў па тынкоўцы бязладнаю чаргой, і баец борзда схаваўся.
— Ладна, — сказаў Сінцоў. — Пайшлі. Траіх управімся.
Яны пачакалі яшчэ, а пасля адзін за другім паўз шархоткую сцяну дома пачалі прабірацца да ратушы. Чарняк чамусьці хутка адстаў, і за сяржантам бег адзін Сінцоў. Ад рага яны пераадолелі ўскраек сквера і схаваліся пад густымі кронамі акацый. Кулямётчык з вежы ці не заўважыў іх, ці, можа, зусім не мог бачыць.
Нарэшце ў ранішняй сцішанасці перад імі вырасла змрочная высачэзная ратуша.
Сінцоў з сяржантам, сігаючы праз два прыступкі, хуценька ўзбеглі па шырокай лесвіцы да насцеж расчыненых вялізных дзвярэй. Неўзабаве, старанна хаваючыся пад сцяной, іх дагнаў насуплены, задыханы Чарняк, і яны стаіліся, услухоўваючыся ў падазроную таямнічасць будыніны. Але скрозь было ціха, кулямётчык маўчаў. Праз першыя расчыненыя дзверы віднеліся другія, такія ж вялізныя. Яны былі зачынены, а побач у змрочным куце пад стрэльчатай аркай пачыналіся нейкія прыступкі ўгору. Стараючыся не парушаць цішыні, усе трое засцярожліва падаліся да таго ўвахода.
Тут аказалася вузенькая вінтавая лесвіца, стромкая і скручаная ў штопар, — яна ўпарта ўвінчвалася ў цесную вежу ратушы. Праз тры крокі наперадзе яе спіраль зусім ужо заварочвала ўбок, і далей нічога не было відаць, хоць вузенькія маленькія акенцы з аднаго боку добра асвятлялі яе пашчэрбленыя прыступкі.
Байцы асцярожна крочылі пры сцяне, дзе круцізна была меншая. Першы ішоў сяржант, за ім — Сінцоў, і ззаду сапучы і зрэдку пакырхваючы, няўклюдна карабкаўся Чарняк. Яны ўжо парадкам узняліся ўверх, і ў чарговым акенцы паказаліся дахі горада, верхавіны акацый, далей — прасцяг вузкай даліны з дарогай і над усім — Альпы, падсветленыя сонцам, якое неўзабаве павінна было вырвацца ў неба. Па яркай набрыняласці снегавых вяршынь яно мелася сёння быць асаблівым — яркім і захмялела вясёлым, гэтае веснавое сонца першага дня міру.
Людзі абышлі па спіралі яшчэ некалькі кругоў, і Сінцоў, неяк неўпрыцям змануты цішынёй, аж забыўся, куды і навошта вяла іх апошняя вайсковая патрэба. Ён усё больш зачаравана ўглядаўся ў кожнае акенца на ўсход і чакаў, што вось-вось з-за пазубленай сцяны гор пырсне тое самае незвычайнае і дзівоснае сонца. Але яно, відаць, рухалася марудна, быццам баючыся растраціць поўную меру сённяшняй радасці, няспешна і плаўна ўзнімалася за гарамі; і гэтак жа няспешна, спыняючыся і ўслухоўваючыся, падымаліся ўгору байцы.