Читать «На ўсходзе сонца» онлайн
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў
На ўсходзе сонца
Над крутымі дахамі гарадскіх будынін, над балконамі з павіслымі ў цішы прасцінамі — флагамі капітуляцыі, над шызай брусчаткай вуліцы весела займаўся першы пасляваенны ранак. Ад далёкае ласкі нябачнага сонца прагным бляскам ірдзелі снегавыя вяршаліны гор, у суцэльнай засені вуліцы мацней запахла клейкім тапаліным водарам і хмельнай духмянасцю ўначы зацвіўшых акацый.
Яшчэ гэтак жа востра патыхала пыльнай сухменню бітае цэглы з руін вялізнага вуглавога дома, дзе заляглі байцы трэцяй роты, загнаныя сюды нечаканымі стрэламі з вежы ратушы. Нейкі здзічэлы гітлеравец, засеўшы з кулямётам, на золку спыніў іх тут, не даючы рухацца далей на злучэнне з саюзнікамі.
— Ах, воўчыя душы, ім яшчэ чатырох год мала, — казаў ротны, лежачы за вялізнай цаглянай глыбай і камечачы ў руках толькі што прастрэленую фуражку. Трэба было прызначыць байцоў выкурваць таго нягодніка, пасыльны ад камандзіра палка, прынёсшы такі загад, чакаў выніку, тулячыся ў каменні ззаду, а камандзір вагаўся. Было б гэта яшчэ ўчора ці калі раней, хіба адчуў бы ротны гэткую раптоўную нерашучасць! Але сёння… Сёння іх жыццё падаражэла ўдвая — яны дачакаліся міру.
— Вунь, вунь ён! — крыкнуў плячысты сяржант у залапленай на спіне гімнасцёрцы. Ён адзін тут стаяў, хаваючыся за ўцалелым прасценкам. — Вунь пад цыферблатам руля вытыркаецца. Во гадзюка!
Сінцоў, малады светлавокі баец, што ляжаў побач з ротным, асцярожна выглянуў і сцішана, але так, каб чуў камандзір, вымавіў:
— Чаго з ім цацкацца! На ўра атакаваць, і канец.
У гэты час чорная пляма рулі пад вежавым гадзіннікам раптоўна бліснула чырвонай іскрынкай — і ад прасценка ад жалезных бэлек абрушанага перакрыцця сыпанулі ва ўсе бакі кулі. Людзі хуценька дзёўбнулі галовамі — кожны за сваё сховішча; на каменне пасыпалася тынкоўка, і ў прыцемках руін ціха закурылася лёгкае воблачка пылу.
Калі шоргат спыніўся, ротны ўпарта варухнуў галавой і звыклым камандзірскім голасам выкрыкнуў:
— Вераб’ёў… Чарняк… Туркоўскі…
Сяржант у прасценку азірнуўся, нібы не адразу паверыўшы, што назвалі яго, неяк сумна глянуў на ратушу і зняў з пляча аўтамат. Нездаволена прабурчаў нешта ззаду між цагельнага друзу Чарняк, стараваты ўжо, аброслы шчаціннем баец — вохкаючы і лаючыся, ён палез наперад. За ім аднекуль з цёмнага кута, сагнуўшыся ў тры пагібелі, з’явіўся тонкі, як дубец, Туркоўскі.
Ротны не глядзеў на іх, і яны ні разу не зірнулі на камандзіра — усім было чамусьці няёмка. Пасля кароткай паўзы старшы лейтэнант павярнуў голаў убок і напаткаў позірк Сінцова. Баец зразумеў адразу і раней, чым было названа яго прозвішча, падхапіў аўтамат і падаўся да сяржанта ў прасценак.
— Ну вось, Сінцоў, табе першае пасляваеннае заданне, — услед яму неяк фальшыва пажартаваў камандзір. — А то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца.
Сінцоў не адказаў і не ўсміхнуўся. Гэта праўда, што ўсе апошнія дні ён не на жарт клапаціўся, як уладкавацца пасля вайны — хлопец быў адзін, без бацькоў і радні, з чатырнаццаці год — выхаванец палка.
Сяржант падавіў уздых і, з асцярогай пазіраючы на вуліцу, пачаў прабірацца па-за сценамі ў бакавы пралом. Чарняк пастаяў яшчэ ў нейкай задуменнай нерашучасці, выцер рукавом ложу карабіна, вылаяўся і ўрэшце, няспрытна валюхаючыся, рушыў следам. Воддаль, яшчэ болей прыгнуўшыся, шмыгнуў Туркоўскі, і апошні спакойна перайшоў адкрытае месца Сінцоў.