Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 81

Васіль Быкаў

Прыўстаўшы на нагах, я адным вокам выглядваю з-за бруствера — паўзуць! Потныя, загарэлыя, з аўтаматамі на зямлі. Збоч нехта падае, нехта перабягае ў варонку…

Я бяру дзве гранаты, яны ўзведзены. Прыціскаюся да сцяны. Чакаю. Слухаю. Нейкая жыла пад каленам дробненька, надакучліва дрыжыць.

Пад брустверам нешта стукае. Граната? Лопае запал, затым — ашалелы ўдар! Зноў земляныя камякі, пыл, пясок засцілаюць неба…

Размахваюся — і ў адзін, другі, трэці бок шпурляю свае РГД. Зараз жа выбухі — адзін! другі! трэці! Выхопліваю з кішэні лімонку. І тут — удар у бруствер. Адскочыўшы ад яго, побач шлёпаецца доўгая палка нямецкай гранаты. Са звярыным спрытам я хапаю яе і кідаю наверх. Зараз жа выбух, нечы блізкі глухі енк.

Бяру ў правую руку лімонку, зубамі адгінаю чаку. Левай зараджаю ракетніцу і ўзводжу баёк.

Ззаду за брустверам блізкія крокі — я адразу чую іх тут, у зямлі. Вырываю зубамі чаку, адпускаю планку і, прытрымаўшы секунды са тры, кідаю гранату туды. Выбух! У той жа момант на брустверы над галавой — іх выбух! Удар недзе ззаду — і яшчэ выбух! Яшчэ рве ля гарматы, і праз пыл вынікае цёмная даўгалыгая постаць у касцы.

— Хендэ хох!

— Скулу ў бок! — крычу я і ва ўпор страляю з ракетніцы. Дымны струмень б'е ў ворага, пыхае клубком іскраў — немец хапаецца за грудзі і, падламаўшыся ў каленях, падае на спіну. Некалькі секунд з ягоных грудзей джагае яркае агністае полымя…

Немец гарыць, ракета рассыпае наўкола гушчар іскраў, ягоныя боты звісаюць у мой акоп. Гэта яму за Люсю.

Я хуценька зноў зараджаю ракетніцу, высоўваюся і б'ю ў тых, што паблізу. Пэўна, збянтэжаныя маім агнявым адпорам, яны прыціхаюць. Ракета падскоквае па зямлі і коціцца ў траве ярка-агнянай каметай. Зялёныя бліскаўкі дагараюць і тухнуць на камяках бруствера.

Выкідваю гільзу і піхаю новую. Мяркуючы па галоўцы, гэта асвятляльная, белая. Я чакаю новай атакі і дзякую Люсі. Мёртвая, яна ратуе мяне.

Але немцы маўчаць. Маўчаць хвіліну, дзве, пяць… Што сталася з імі? Можа, яны падпаўзаюць? І тут аднекуль здалёк зноў даносіцца танкавы роў. Устрывожаны, я ўслухоўваюся, а ён усё мацнее, шырыцца ў паднябессі, набліжаецца. Яшчэ праз хвіліну на ўсю глыбіню дрыжыць, гудзе, скаланаецца зямля. Некалькі разгоністых сіняватых трас джгаюць над брустверам — адтуль, з нашага боку.

Радасная здагадка азарае мяне, і, здзіўлены, я паволі ўстаю ў акопе. Недзе побач заліваюцца-грукочуць кулямёты, і ўсё адтуль, з нашага боку, джгаюць-мільгацяць трасы.

З апошняй Люсінай ракетай у ракетніцы, гатовы да ўсяго, я выскокваю з акопа.

22

Так, я выратаваны. Усё страшнае, нясцерпнае ўжо мінула…

Наўскасяк па полі, праз сланечнік, да дарогі з даўжэзнымі, як бервяно, стваламі ідуць САУ-100. За імі бяжыць, адстае, даганяе пяхота. Я сяджу на брустверы з адзінаю сваёй ракетай і не адчуваю ў сабе і маленькага намёку на радасць паратунку. Ля маіх ног ляжыць нерухомае маленькае цела Люсі. Я вынес яе з акопа пад раздольнае неба, на шырокі палявы прастор, якога яна ўжо не пабачыць ніколі… Ні прастору зямлі, ні нашай перамогі, ні гэтага звечарэлага неба, якое цяпер вельмі падобна на яе шэрыя, некалі зіхатлівыя вочы… Ідзе час, а я ўсё сяджу.