Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 82

Васіль Быкаў

Сяджу без дум, без сілы, без аніякага людскога жадання. Праклятая вайна дала і вырвала ў мяне нялёгкае права на Люсіна каханне. Цяпер што радасці мне з жыцця? Пехацінцы штосьці пытаюцца, нешта крычаць, але я не чую іх і не адказваю. Нейкі кірпаты салдат у перакручанай упоперак галавы пілотцы кідае на мяне: «Дурны ці кантужаны» — і другі, што бяжыць ля яго з кулямётам, смяецца. Ім радасна.

А я думаю: хто з нас мог меркаваць учора, што сёння здарыцца гэткае? Ці мог я за доўгія месяцы ў шпіталі прадбачыць, што мая адплата ворагу заслоніцца ад мяне новай вайсковай няўдачай і подласцю свайго ж чалавека? Як гэта ўсё складана і трудна. Я думаў: дабрацца б да немцаў! А ці толькі яны сталі віною нашай бяды! На колькі ж франтоў суджана змагацца мне — і з ворагамі ў акружэнні, са сволаччу побач, нарэшце, з самім сабой. Колькі ж гэта перамог трэба здабыць гэтымі вось рукамі, каб яны склаліся ў тую, што напішуць з вялікай літары? Як гэта мала — аднае рашучасці, добрых намераў і колькі яшчэ трэба сілы! Зямля мая родная, людзі мае, — дайце вы мне гэтую сілу! Мне яна так трэба!

Цямнее. Бой сунецца далей, за цёмныя хрыбціны пагоркаў. Па полі ідуць мінамётчыкі. Сагнуўшыся, з цяжкімі шпулькамі брыдуць сувязісты. Некуды імчаць ездавыя на перадках…

І раптам з прыцемкаў між варонак з'яўляецца Лёшка. Спорным таропкім крокам ён падыходзіць да агнявой — у яго ў здаровай руцэ два кацялкі, пад пахай другое, што бялее бінтам, бохан хлеба. Самаўпэўнена, з такім выглядам, быццам ён толькі дзесяць хвілін не быў тут, Лёшка вітаецца:

— Прывет! Ну як? Стрывалі! Героі! Законна!

Ён укленчвае, асцярожна ставіць між грудоў кацялкі, кладзе хлеб.

— Вайна вайною, а есці трэба. Праўда? Ось растараўся тут. А дзе ж хлопцы?

Я маўчу, адчуваючы, як усё перад вачмі закружылася, загойдалася і плыве ў шалёным тумане нянавісці. Пэўна, ён заўважае гэта і сур'ёзнее.

— А мяне, ведаеш, трохі цюкнула. Пакуль да санроты дабег, перавязаўся, ну і… забавіўся… Во, яшчэ Люська прапала. Была і прапала. Шукалі, шукалі… Дык дзе ж хлопцы: прастыне…

Туман у маім позірку расплываецца — варонкі, выбоіны, бруствер і Лёшка ва ўсёй катэгарычнай выразнасці паўстаюць перад вачмі.

— Ідзі сюды, гад!

Я ўстаю, паварочваюся на брустверы да агнявой, і Лёшка, адчуўшы кепскае, паслухмяна лезе наверх.

— Не там шукалі. Глядзі! — крычу я. — Глядзі, сволач!!!

На некалькі секунд ён нахмурваецца, аглядае нябожчыкаў, але зараз жа здаровай рукой пачынае атузваць кароценькую сваю гімнасцёрку.

— Ну і што? Што глядзі? — злосна агрызаецца ён. — Падумаеш! Вунь не такіх пабіла. Камбату галаву адарвала. Што, я вінават?

— А хто ж — твая работа! Гад ты! Судзіць цябе!

— Судзіць? — вызверваецца ён. — Пайшоў ты да д'ябла, малакасос! Завошта?!