Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 79
Васіль Быкаў
— Дзе Люся? Гад Лазняк, дзе Люся?
Я адчуваю, што ён зноў шалее, і болей не таюся ад яго.
— Усё. Няма Люсі…
Крывёнак змаўкае, пасля, неяк страціўшы сілу, спаўзае ў дол, затуляе далонямі свой аслеплены твар і зноў ускоквае з лаянкай:
— Сволачы! Гады!.. Сабакі!.. Падлюгі!..
Ён зноў, як звер у пастцы, кідаецца ў акопе, спатыкаецца аб пакінутую ў дне рыдлёўку і хапае яе.
— Дзе фрыц? Дзе той недабіты фрыц? Дзе ён?
Крывёнак вылазіць з акопа; зачапіўшыся за сашнік, падае, зноў ускоквае. Ён у шаленстве нічога не чуе, а я трымаю на каленях Люсю і не маю сілы спыніць яго, заспакоіць. Пакуль ён лапае ў доле, шукаючы рыдлёўку, са сланечніку зноў б'е чарга, разрыўныя гулка трэскаюць на брустверы і на гармаце.
— Ага! — учуўшы стрэлы, недарэчна ўзрадавана крычыць Крывёнак і лаецца. — Ага! Сволачы, гады!..
Босы, у парванай, расшпіленай гімнасцёрцы, без дзягі, з рыдлёўкай у руках, ён вылазіць з агнявой і, шырока расстаўляючы ногі, слепа сігае туды, дзе ворагі. Не выпускаючы з рук Люсі, я паволі ўзнімаюся ў акопе, а ён шырока і невідушча ідзе і ідзе, высока і пагрозліва ўзняўшы рыдлёўку, і страшна лаецца. Праз пяць крокаў падае ў бомбавую варонку, гэта абнадзейвае мяне, я прачынаюся са сваёй душэўнай знямеласці і крычу:
— Крывёнак, стой! Стой! Не вылазь!
Але ён нядоўга ляжыць там, зараз жа вылазіць і зноў сігае туды, насустрач ворагу. Я ведаю, што ўсё прапала, што толькі некалькі імгненняў аддзяляюць чалавека ад пагібелі. І калі са сланечніку грыміць чарга, я заплюшчваю вочы. Расплюшчваю, але Крывёнка ўжо не бачу.
Я зноў апускаюся на дно абрушанага акопа і ціха, з вялікаю асцярогай кладу на зямлю Люсю.
Цяпер я адзін. Адзін з маёю вялікаю мукай і любай маёю дзяўчынай… Я ўражаны яе пагібеллю, уражаны вайною, мой свяшчэнны пякучы намер, як сухая груда ад кулі, рассыпаўся сёння ўшчэнт. Відаць, я слабы, я маленькая парушынка ў гэтых вялізных жорнах вайны, што страшэннаю сілай перамолваюць людскія жыцці. І мне не хапае ўжо маёй душэўнае сілы, каб супрацьстаяць пагібелі, змагацца, абараняць аднаго толькі сябе.
Я вымаю з тонкіх Люсіных пальцаў раменьчык біклагі, там, здаецца, ёсць нейкі глыток вады. Пасля з другой рукі я бяру ракетніцу — у скураных гнёздах кабуры тырчаць тры каляровыя ракеты. Мне ўжо не хочацца ні піць, ні есці, ні жыць, знікае жаданне і біцца — адстойваць гэтую ўшчэнт разбураную агнявую, — хочацца толькі памерці, ціха — і тут, побач з Люсяй…
Не ведаю, колькі часу я так, у зняменні, сяджу над ёю. Пасля ўспамінаю жывога яшчэ небараку Лук'янава і нашых там, у сховішчы. Не вельмі хаваючыся, з біклагаю ў руках я перапаўзаю пляцоўку. Лук'янаў нерухома ляжыць, дзе ляжаў, але ўжо не кратаецца. Мне вельмі хочацца, каб ён ачнуўся, загаварыў, зірнуў — гінуць аднаму страшна. Я адвінчваю біклагу, паднімаю яго запарушаную зямлёй галаву. На павеку заплюшчанага левага вока грудка зямлі, я скідаю яе. Але зубы Лук'янава сцяты. Не, ужо ўсё ў ім здранцвела — чалавек, напэўна, даўно ўжо памёр…
Няўцямным, абыякавым да ўсяго позіркам я аглядваю астатніх. Нерухомыя, глухія, сляпыя да ўсяго на свеце людзі, змярцвелыя, закіданыя зямлёй твары… А чырвоная доўгая стрэлачка на Жаўтыховым гадзінніку ўсё рупна бяжыць і бяжыць па чорным цыферблаце. Гэтая яе жывучасць бянтэжыць мяне, — з нейкім забабонным страхам я б'ю па ёй біклагай — шкло рассыпаецца, і стрэлка спыняецца на лічбе 11.