Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Побач на мулкія сцяблы маскіроўкі апускаецца Крывёнак. Ён не кладзецца, як я, а моўчкі сядае і пазірае ў ноч. Мне знізу добра відаць яго насцярожаная, ваўкаватая ў рухах постаць. Галава ў Крывёнка вялікая, лабатая, пілотка на ёй абыякава перакручана ўпоперак. Хлопец ён дробнай касці, але з норавам, маўчун і, як кажа Лёшка, зусім без пачуцця гумару, таму яны прынцыповыя ворагі. Мяне ён таксама не вельмі вабіць сваім характарам, але мы тут маладзейшыя з ім, гэта міжвольна нейкай маўклівай агульнасцю з'ядноўвае нас. Яшчэ мы з ім пэўным чынам дарослыя сіроты. Нашыя сэрцы глухія да хвалюючага слова «пошта», мы не кідаемся, як усе, да салдата, што прыносіць са штаба пісьмы, ніхто нам ніколі не прыслаў і аднаго трохкутнічка. Мае бацькі гэтага не могуць, бо ў акупацыі, у Крывёнка ж даўно іх няма.

Але ўвогуле ён някепскі таварыш, хоць і ўпарты, і гэтая ўпартасць не раз ужо карала яго няшчадна. Некалі здарылася так, што ён, вяртаючыся з санбата, дзе яму залечвалі рассечаны твар, спаткаў на дарозе разведчыкаў з двума немцамі. Немцы гэтыя былі «языкі», за імі некалькі начэй запар поўзалі хлопцы ў тыл к ворагу і цяпер з радасцю ад труднай удачы вялі іх у штаб. Але дзе Крывёнку было разбірацца ў тым, калі яшчэ балела шчака і помста распірала яго нутро. І ён не стрываў. Не паспелі канваіры здзівіцца, як іхнія «языкі» ўжо ляжалі на дарозе пабітыя. Ашалелыя хлопцы замест немцаў прывялі ў штаб Крывёнка, пад вокам якога расплываўся вялізны сіняк.

У штабе яго бязлітасна вылаялі разведчыкі, штабныя камандзіры, палітработнікі і ўрэшце для канчатковай расправы прывялі да камандзіра дывізіі. Той, таксама не шкадуючы, збэсціў дурня салдата, які сапсаваў гэткую важную справу. Крывёнак не сказаў ніводнага слова ў сваё апраўданне, увесь час маўчаў, і палкоўніку напэўна здалося, што ён каецца. Таму, накрычаўшы, камандзір запытаў:

— Ну, ты зразумеў? Зробіш для сябе вывады?

Крывёнак, насупіўшы пакалечаны твар, маўчаў.

— Ты зразумеў, што нарабіў? Адказвай, я ў цябе пытаюся!

— Трапяцца — усё роўна пазабіваю, — зацята паабяцаў баец.

Гэты адказ і вырашыў яго лёс. Неўзабаве Крывёнак быў ужо ў штрафной роце, дзе яму, аднак, пашанцавала: ён выжыў тры доўгія месяцы і нават не быў паранены. Пасля на шматлікіх дарогах вайны ён адшукаў сваю часць і аднойчы, нікім не чаканы, з'явіўся ў батарэю. Як напамінак аб няўдалым мінулым, ён прывалок з сабою трафейны кулямёт — нейкую няўклюдную чорную тарахцёлку, і Жаўтых, разважыўшы, залічыў яго ў кулямётчыкі, вядома, па сумяшчальнасці з абавязкамі гарматнага нумара.