Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 10
Васіль Быкаў
Яе перавялі ад нас, але на яе месца нікога не далі. І гэтая дзяўчына ўсё не забываецца на сваю батарэю, амаль кожную ноч наведвае нашы агнявыя, і, здаецца, палавіна з нас употай закахалася ў яе. А яна нібы нічога з таго і не бачыць, па-ранейшаму вясёлая, клапатлівая, аднолькавая да ўсіх, па-ранейшаму дбае пра наша акопнае жыццё. І ўсё ж часта здаецца мне, што гэта не так сабе, што нехта з нас таемна прываражыў да сябе яе сэрца, інакш не прысохла б яна так да нашай батарэі.
Вось такая яна, гэта дзяўчына, наша Сінявочка, як завуць яе ў палку.
Мы маўчым і цярпліва чакаем, услухоўваючыся ў кожны гук з тылу. Гукаў наўкола многа, акопныя людзі ўночы павылазілі з зямлі, толькі тых, якіх мы чакаем, не чуваць.
— Так, ну што ж, — адказвае Крывёнак на нейкія свае думкі. — Позна ўжо.
І здаецца мне, што гэта ён пра яе, што і ён чакае, і ў мяне ўжо ные-баліць нутро, бо думаецца: Люся не прыйдзе.
4
Але яна ўсё ж прыходзіць.
Прыходзіць, калі мы ўжо не чакаем яе і моўчкі, паныла сядзім на брустверы. Побач, на агнявой, нешта лязгае затворам Папоў; Жаўтых стаіць на пляцоўцы паміж станін і па-старэчы глуха пакашлівае.
Мы чакаем толькі нашых хлопцаў з вячэрай і здалёк яшчэ чуем у змроку іх крокі. Поўныя іх кацялкі цяпер не бразгаюць, хлопцы мякка ступаюць гумавымі абцасамі сваіх «кірзачоў», але да нас даносіцца іхняя гаворка, і мы ўслухоўваемся. Нешта невыразна буркае адзін голас, — напэўна, Лук'янаў, потым адзываецца другі, гучнейшы, — гэта, відаць, Задарожны, і раптам чуецца тоненькі шчыры дзявочы смех. Крывёнак міжвольна ўздрыгвае, устаўляецца ў цемру засяроджаным пільным поглядам і не кратаецца.
— Вячэра ідзе, — як заўжды глухавата, але з прыкметнай бадзёрасцю ў голасе аб'яўляе Жаўтых. — А ну давай цягні палатку! Ну, што сядзіш? Не чуеш? — буркае ён на Крывёнка і дастае з кішэні вялікі ў драўляным тронку ножык. Гэтым нажом старшы сяржант, як бацька ў вялікай сям'і, заўсёды кроіць у нас хлеб, распячатвае кансервы і б'е цукар.
Пакуль Крывёнак вытрэсвае заплямленую і запыленую за дзень палатку, яны падыходзяць утраіх. Задарожны весела зубаскаліць нешта, яўна адрасаванае Люсі, і яна тоненька, сцішана смяецца.
— Палундра! — жартоўна гукае ён, змрочным ценем падышоўшы да агнявой. — Лыжкі к бою, гвардзейцы!
— Добры вечар вам, — кажа да нас такі незвычайны тут, нейкі мілагучны і любасны голас дзяўчыны. Мы ўсе рознагалоса вітаемся:
— Здрасце!
— Добры вечар!
— Законна! Вечар на «пяць»! — развязна аб'яўляе Задарожны. Ён ставіць на дол кацялкі з крупнікам і чаем, Лук'янаў вымае з-пад пахі бохан і кладзе яго на разасланую Крывёнкам палатку. Але мы ўжо забыліся, што згаладалі, — мы не ведаем, як нам сустракаць, як трымаць сябе перад гэтаю ўвесь дзень чаканаю госцяй. Добра, аднак, што яна не чакае нашага запрашэння — яна тут з намі як дома, — адразу падступае да Жаўтыха, апускаецца на калені і расшпільвае сваю таўшчэзную медыцынскую сумку.