Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 7
Васіль Быкаў
— Ось маячыць, глядзі ты, думае, не ўбачым, — кажа ён, нешта прыкмеціўшы ў варожым баку. — Спяць, дармаеды, снайперы гэтыя. Вось калі б хлопнуць! Шкада — не з рукі: далёка, — кажа ён, аддае мне перыскоп і, раздзьмуўшы вусы, з натугаю, глухавата камандуе:
— А ну падрыхтавацца за вячэрай! Пойдуць сёння… — на момант ён прыціхае, аглядваючы нас. — Пойдзе Лук'янаў і…
Ён секунду раздумвае, каго прызначыць другім, але побач ускоквае Задарожны.
— Што гэта ты такі хуткі сёння? — здзіўляецца камандзір. Лёшка ладна надзімае свае крутыя аб'ёмістыя грудзі, вялікімі пальцамі спрытна рассоўвае пад дзягай зборкі; каўнер яго гулліва расшпілены на два гузікі і бялее свежай палоскаю марлі.
— Трэба, — усміхаецца Лёшка і падміргвае адным вокам.
— А-а! — здагадваецца Жаўтых. — Вядомая рэч. Ну што ж: справа маладая. Не тое што нам, старыкам…
Чорт бы яго ўзяў, гэтага хвацкага Лёшку, думаю я. Заўсёды ён арыентуецца першы, першы скарыстае момант, які я празяваю. Гэта ж сёння на нашай кухні дзяжурыць Люся, санінструктар, малодшы сяржант медыцынскай службы — тая самая наша Сінявочка, якую чакаю я і якую цяпер першы ўбачыць Лёшка. Адразу робіцца нецікавым увесь гэты вечар, не радуе і хуткая вячэра, мне хочацца толькі маўчаць і пакутаваць сабе ў адзіноце.
— А што ж — законна! — кажа Лёшка сваё любімае слова і прысланяецца плячом да сцяны акопа. Яшчэ трэба трошкі счакаць, бо светлавата.
Урэшце змрок шчыльней захутвае зямлю, зблізку відаць кучы кукурузы і сям-там чорныя плямы варонак, але варожыя пагоркі ўжо стуліліся ў дымчаста-змрочным тумане, і на небе загараюцца адзінокія зоркі.
Мы вылазім на волю. Дзіўна, як хораша тут — прывольна і шырока — і як багата паветра, і я думаю, што зусім мала трэба чалавеку, каб адчуў ён неадмысловую асалоду жыцця, кароценькую, на некалькі хвілін, шчаслівасць, бо, пачакаўшы, шчаслівасць знікае: чалавек занадта ўжо хутка прывыкае да добрага і перастае адчуваць яго.
Пяхота таксама заварушылася — недзе наперадзе чуецца лаянка, нехта прыцішана гукае нейкага Солада, бразгаюць у змроку кацялкі. Задарожны з Лук'янавым выпраўляюцца наўскасяк да палоскі сланечніку.
Хутка будзе вячэра. Я кладуся на закіданым кукурузаю брустверы і гляджу ўгору. У высокім і яшчэ светлаватым небе сям-там гараць маленькія рэдкія зоркі — іх неяк дужа мала, зусім не тое што ўзімку. Я ледзьве знаходжу ўгары коўш Вялікай Мядзведзіцы, па даўнім школьным звычаі праводжу ад яго роўную лінію і бачу Палярную ў хвасце Малой Мядзведзіцы. Там, далёка на поўначы, збоч адрогаў Карпат, што сіняватай смугою выступаюць на гарызонце ў ясны сонечны дзень, — там ляжыць недзе мой край, мая зняволеная, знявечаная Беларусь. Хутка ўжо споўніцца доўгі і пакутны год, як я пакінуў яе, — пакінуў ледзьве жывы, абвязаны бінтамі, з перабітым сцягном. Самалёт перанёс мяне да жыцця і паратунку, я зноў узяў у рукі зброю, але там недзе засталіся мае землякі, мае старэнькія бацькі, сёстры, засталіся ў лясах партызаны роднага мне атрада «Мсцівец». Я не трапіў да іх назад — вайсковы лёс закінуў мяне на самы левы фланг вялікага фронту, але мая душа там — у далёкае лясное старонцы. У вялікім горы, як той бусел, кружыць яна над яе палямі, пералескамі, вялікімі і малымі шляхамі, над пазелянелымі ад моху стрэхамі нашых нябогаў-вёсак. Не зыходзяць з думак, стаяць уваччу нашыя хлопцы — сціплыя, цярплівыя да ўсіх нягод партызаны з «Мсціўца» — жывыя і тыя, каго ўжо няма на свеце. І ў гэтым невялічкім разліку я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я — беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы не так якое расейскае слова, чую ад Задарожнага абразлівае «трапка», — хай сабе я не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсць у мяне свая вартасць, і ён, як бы ні хацеў, не можа абразіць мяне.