Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Куды лепш ведаем Лёшку Задарожнага, ён хітрэц і лежабока — вунь і цяпер снарадаў так і не чысціць, а ўсё аходжвае, камечыць свае боты. Але Задарожны вельмі дужы хлопец, а гэта ў нашай артылерыйскай справе — немалаважная якасць. Праўда, ён мае прывычку часам злоўжываць сваёю сілай, памучыць каго, жартуючы, і тут перападае таму ж слабаку Лук'янаву і калі-нікалі Крывёнку. Адзіны, да каго ён адносіцца з нейкай павагай (пасля камандзіра, вядома), — гэта якут Папоў. Але Папоў асаблівы ў нас чалавек, і пра яго трэба сказаць асобна.
Асаблівы ён ужо хоць бы таму, што наводчык. Усе нашы розныя няўдачы адбываліся па розных прычынах, але ўсе нашы поспехі — падбітыя ў красавіцкіх баях два танкі, спалены аўтамабіль, расстраляныя два кулямёты — справа спрытных рук і зоркіх вачэй Папова. Вочы ў яго сапраўды вельмі відушчыя, такія маленькія, трошкі нават занадта вузенькія і скошаныя, як у мангола, але другіх такіх вачэй у нашай батарэі няма. Гэткія ж асаблівыя і яго рукі — спрытныя і даўгапалыя, нібы ў музыканта. Гэтымі рукамі ён увесь час майструе што-небудзь — то футарал для прыцэла, то наразае ўзор на дзюралевым партсігары, то са снараднае гільзы выпілоўвае камсастаўскую спражку з зоркай. І ўсё ў яго выходзіць такое ладнае, адмысловае, што не розніцца бадай з фабрычным. Яшчэ ён дужа ўжо рупны, клапатлівы і старанны, асабліва калі давядзецца часова застацца за камандзіра гарматы. Тады ўжо ён замуштруе і нас і сябе, і мы ў такі час трошкі наракаем на яго. Я зайздрошчу яго ўмельству, яго вытрымцы і тайна сам сабе мару стаць калі-небудзь гэткім наводчыкам, як ён. Жаўтых заўжды беражэ яго ад працы, ад сцюжы, ад стомы — калі трэба зрабіць што цяжкае, куды збегаць ці пастаяць лішнюю гадзіну на варце, — камандзір ніколі не назначыць на тое Папова, а ўсё болей мяне ці Лук'янава або Лёшку, калі той чым-колечы не аднекаецца.
Вось так мы і жывём тут — невялічкі артылерыйскі разлік, шэсць чалавек, — курчымся доўгія дні ў вузкім акопе і з нецярплівасцю чакаем змяркання, калі пачынаецца іншая пара сутак са сваімі справамі і сваімі, адметнымі ад дзённых, клопатамі.