Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
— Ну, а вы чаго гледзіцё? — гыркае Жаўтых на салдат. — Думаеце, калача дам? Не чакайце! Задарожны, Лук'янаў, Крывёнак — за працу! Няма чаго дрыхнуць, дармаеды!..
2
Мы — саракапятчыкі. Яшчэ нас называюць ПТА (процітанкавая абарона), яшчэ «пушкары», або з абразаю — «Бывай, радзіма». Апошняе часам злуе нас, мы гатовы тады сварыцца з абразнікам і паказваем яму на нашага камандзіра, старшага сяржанта Жаўтых, які з сорак першага ваюе пры гэтых гарматках і нішто вось — жывы. Але, відаць, абраза таму і дзейнічае, што ёсць у ёй нейкая доля праўды, якой не хочам прызнаваць мы. Вайна ў шмат чым змянілася за тры гады, змяніліся зброя і тактыка, пацяжэлі нямецкія танкі, з'явіліся «тыгры», «пантэры», «фердынанды», а саракапятка ў нас усё тая ж, што і ў сорак першым, з якой тады стралялі па танкетках і лёгкіх каробачках-танках. Вядома, што часам нам бывае нялёгка. Памалу варушачыся, хлопцы бяруцца за справу. Крывёнак, нялёгка ўздыхнуўшы, падступае да расчыненай скрынкі, твар яго крывіцца, праз усю шчаку ад рота да вуха са сну ярка чырванее нядаўні шрам — след нямецкага асколка. Замест вуха ў Крывёнка толькі невялічкая адтуліна ў галаве. Папоў з Лук'янавым ужо труць снарады анучамі. У Папова гэта выходзіць спрытна, спрактыкаваныя яго рукі так і мільгаюць удоўж блішчастых латунных гільз. Лук'янаў жа неяк раздумна, адною рукой павяртае слізкі снарад і няўпэўнена шаруе яго маленькай анучкай, сціснутай у двух пальцах. Крывёнак прымошчваецца побач, а Задарожны, уздзеўшы на крутыя плечы цеснаватую гімнасцёрку, зазірае цераз хлопцавы галовы ў скрынку.
— Ну, ерунда! Яны і ўтрох справяцца, — кажа ён. — Што таўчыся ўсім…
Вядома, Задарожны пэцкацца не будзе. Ён сядае ў самы кут акопа і пачынае свой любімы занятак — ссоўваць ніжэй на костачкі каляныя кірзавыя халявы сваіх новых ботаў. Гэта — дзеля таго фарсістага спрыту, які нябачна адзначае ўсю ладную Лёшкаву постаць — і яго кароценькую, з падрэзаным падолам гімнасцёрку, і шырачэзныя суконныя галіфэ колеру хакі, і ліха ссунутую на самае вуха пілотку — і поўніць бесклапотна-гарэзным выразам увесь яго зухаваты брывасты твар. Жаўтых, відаць, хоча нешта прыкрыкнуць на Лёшку, але толькі бурчыць сам сабе, яўна любуючыся нахабнаватаю прыгажосцю гэтага хлопца.
— Футбаліст!.. Гультаіна!.. Глядзі мне!
Я прымошчваюся на прыступкі, дзе сядзеў Лёшка, і асцярожна вытыркаю з-за бруствера востры кончык перыскопа-разведчыка. У маленькім яго вочку-акуляры зыбаецца здаўна знаёмы прасцяг — незасеянае з вясны, парослае лебядой і пырнікам поле. Яно скрозь парэзана шэрымі і рудымі крывулякамі акопаў і хадоў зносін, за імі, на нейтралцы, хаваецца ў траве высахлая ручаіна, і ля яе стаіць-іржавее з вясны закураны, з парасчынянымі люкамі танк. Далей горбяцца няроўныя, выгінастыя хрыбціны пагоркаў, на якіх сядзяць немцы. Што робіцца там, у іхніх траншэях і ў тыле, нам нічога не відаць, затое яны зверху аглядаюць усе нашы пазіцыі, траншэі перадавой лініі, хады зносін, усе пратаптаныя ўначы сцежкі, дарогу ўбаку. Адзінае якое-ніякое сховішча ў нашым тыле — гэта вузкая палоска сланечніку, якая ад румынскае вёскі трохі не даходзіць да нашай агнявой. Вёскі, праўда, амаль што няма. Пасля красавіцкіх баёў ад яе мазанак засталіся толькі груды гліны, вывараціны абгарэлага бярвення, парослыя муравой падворкі, бяздомныя каты і скрозь ямы-варонкі.