Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
— О, о, законна! Пазлуйся, пазлуйся, — задаволена кажа Лёшка, забаўляючыся з рыдлёўкай. Ён і яшчэ хоча нешта сказаць, але толькі раскрывае рот, як устаялая ціш над акопам узрываецца траскучым грукатам разрыўной буйнакалібернай чаргі. Пясок, груды і ашмоцце кукурузы з бруствера разлятаюцца ў бакі, абсыпаюць твары, галовы, спіны сонных людзей у акопе. Але чарга кароценькая; нарабіўшы вялікага грукату, яна раптам сціхае, і вецер паволі здзьмухвае з бруствера пыл.
— Што гэта? Што такое? Свінячае рыла! — крычыць з канца акопа наш камандзір Жаўтых. Ён, як і ўсе, прахопліваецца са сну, і, напэўна, нейкае камандзірскае адчуванне падказвае яму, што хтось правінаваціўся. Прыгнуўшыся, без папругі, у расшпіленай гімнасцёрцы, на якой пагойдваецца паўтузіна медалёў, ён цераз людскія целы пералазіць па акопу да Лёшкі.
— Табе што?.. Цесна ў акопе? — пытаецца старшы сяржант і строга глядзіць на Лёшку. Той, не варухнуўшыся, сядзіць у доле, абсыпаны зямлёй, і, паказваючы свае прыгожыя здаровыя зубы, нахабнавата ўхмыляецца.
— Нейкі Ганс ледзьве іголкі з пальцаў не выбіў, зараза!..
— Іголку ў яго не выбіў! Ты што — малалетак? Сысунок? Растлумачыць табе, што да чаго? Футбаліст мне!
З хвіліну Жаўтых злосна пазірае зверху ўніз на Лёшку, але скрозь усё ціха, і старшы сяржант, супакойваючыся, пачынае абтрэсваць з вусоў і галавы пясок. Потым ён пераводзіць свой яшчэ незадаволены позірк на нас, яго падначаленых. Вочкі ў яго маленькія, няпэўнага выцвілага колеру, яны хаваюцца пад налахмачаныя строгія бровы, і пажылы ўжо, сіні, пабіты порахам твар яго не абяцае дабра.
— Чаго разлёгся? — буркатлівым, глухаватым голасам гыркае ён на мяне. — Курорт табе, такую матары! А ну, марш назіраць!
Я пачынаю ўставаць з шыняля, у душы лаючы Лёшку за яго недарэчныя жарты з немцамі, а камандзір тым часам стаіць і азірае іншых.
— А ты, Аднавухі! Няма чаго прытварацца: бачу, не спіш! Пад'ём! — камандуе ён снараднаму Крывёнку, які нерухома ляжыць у доле, насунуўшы пілотку на чарнявы, скасабочаны шрамам твар. Але Крывёнак не варушыцца, і Жаўтых, нахіліўшыся, тузае яго за рукаў.
— Хопіць дурня строіць! Каму кажу?
Салдат нехаця расплюшчвае цьмяныя сярдзітыя вочы і незадаволена пазірае на прыдзірлівага камандзіра.
— Не нукай! Не запрог!
— А што ж — кланяцца?
Крывёнак ляніва ўстае, ямчэй месціцца пад сцяной акопа і, утупіўшы ў дол позірк, бурчыць:
— Парадкі. Не паспееш задрамаць — пад'ём.
Жаўтых пераводзіць позірк у кут на астатніх, але тых ужо будзіць не трэба. Ціхманы і худы, як жардзіна, Лук'янаў зважліва сядзіць на шынялі, старанна лыпае вачмі і робіць выгляд, быццам зусім не клаўся. Як заўжды, калі камандзір лаецца, у сіняватых вачах гэтага маладжавага, але дачасна абвялага салдата з'яўляецца пакорная сцішанасць, куточкі яго тоненькіх вуснаў сціскаюцца — ён яўна перажывае сварку. Астатнім жа ад гэтага хоць бы што, бо ўсе мы ўжо даўно папрывыкалі да камандзірскае строгасці, крыку, патрабавальнасці. Побач ужо варушыцца наводчык якут Папоў. Ён, відаць, адчувае, чым кончыцца гэты камандзіраў гнеў, і, не чакаючы загаду, выцягвае з нішы скрынку з недачышчанымі ўчора снарадамі. Папоў паводзіць сябе з гаспадарскай упэўненасцю, без Лук'янавай боязі і Крывёнкавай санлівае незадаволенасці. Выгляд у яго пры гэтым трошкі надзьмуты, шырокі скуласты твар засяроджаны ў сабе, і вейкі вузкіх вачэй прыпухлыя, — але гэта не ад сну і не ад характару — гэта ад прыроды.