Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

— Не. Вы ешце, а мне яшчэ ў другі разлік, да Скварышава трэба.

— Без цябе? Ні ў жысць, — ускоквае і загароджвае ёй шлях Лёшка. Ён наглавата разводзіць свае разлапістыя рукі і затрымлівае дзяўчыну. — Только зняць пробу. Ну хоць адну лыжачку…

Люсі, відаць, зусім не хочацца есці, але паспрабуй адчапіся ад гэтага Лёшкі. Крывёнак нерухома сядзіць на брустверы і, мне здаецца ў змроку, толькі кусае вусны, гледзячы, як распінаецца Лёшка. Мне таксама чамусьці вельмі ніякавата ад гэтага і вельмі хочацца, каб яна не паслухала Лёшку і пайшла. Па-ранейшаму сумна расставацца з ёю, але гэтая прыліпчывасць Задарожнага становіцца зусім ужо нясцерпнай. І ўсё ж яна не ідзе, а ён далікатна і настойліва бярэ дзяўчыну за яе вузенькія плечы і падводзіць да свайго месца каля палаткі. Мне здаецца, што Люся адштурхне яго нахабныя заграбастыя рукі, я ўжо хачу крыкнуць: «Адчапіся, прытвора!», ды Люся раптам паслухмяна і лёгка сядае з ім поруч, Лёшка рад, ён дамогся свайго і, змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, гукае ў наш бок:

— Гэй, Крывёнак! Не ясі — дай лыжку!

— Ідзі да д'ябла, — буркае Крывёнак і выцягваецца ў доле, а я ў нейкім бяздумным імкненні дастаю з-за халявы лыжку і даю Люсі. Толькі Люсі яна не дастаецца — Задарожны вырывае яе з маіх рук, а сваю з нахабнаватай услужлівасцю перадае дзяўчыне.

— Ну, я толькі паспытаць, — смеючыся, але, здаецца, задаволена кажа Люся. — Калі вы ўжо такія гасцінныя…

— Мы? Ого! Мы і самога румынскага караля кукурузай накармілі б. Пальчыкі б аблізаў! — самаўпэўнена хваліцца Задарожны. Люся дробненька смяецца і зачэрпвае крупніку. Нейкі час усе маўчаць, бразгаючы ў кацялках, пасля Жаўтых аб'яўляе:

— А крупнік быццам і нішто: есці можна… Ну, што там чуваць у вашых медыцынскіх тылах? — пытаецца ён у дзяўчыны. — Ці хутка нам, дармаедам, у наступленне? А то ўсю малдаўскую кукурузу паямо.

— Ерунда! Куды спяшацца?! Ад кукурузы гэта не залежыць, — кажа Задарожны. Але Жаўтых не любіць, калі яму хто пярэчыць.

— От шмат ты разумееш. Не залежыць! А ну скажы, Лук'янаў, ці залежыць наступленне ад харчу?

— Безумоўна, залежыць, — ціха зазначае Лук'янаў. — Харч — эканамічны фактар, састаўны элемент усіх дзеючых на вайне сіл…

Люся слухае гутарку, з'ядае з Лёшкавага кацялка некалькі лыжак крупніку, але кідае позірк убок і бачыць нас двух на брустверы.

— Што ж гэта: я ем, а хлопцы сядзяць галодныя…

— Ерунда, жывы будуць. Госцю першае месца. Законна!

— Мы не хочам, — бадзёра пацвярджаю я. Крывёнак усё маўчыць, і Люся грозіць мне пальцам.

— Ой, ведаю: змовіліся! І вы, Лазняк, хлусіць сталі — не спадзявалася.

— Ну што вы? — кажу я нейкім не сваім, блазняцкім голасам. — Мы так…

Люся, аднак, ужо ўглядаецца ў панылую постаць Крывёнка.

— А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? — смяецца Люся. Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае:

— А табе якая справа?