Читать «У тумане» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
— Галоўнае, ты не адставай і не вытыркайся. Найлепш, каб я цябе спіной чуў. А што трэба, я сам зраблю, — сказаў Бураў, не паварочваючыся да Войціка. Той, чуваць было, зноў насцярожыўся.
— А коні?
— А што коні? Коней, калі што, патрымаеш.
— Трэба б яшчэ каго ўзяць, — гучна высмаркаўшыся на траву, гугнява зазначыў Войцік. — Трэцяга. Усё б зручней. А то што, удвух.
— Ну ты, разумны такі! — пачаў злавацца Бураў. — Чаго ж там маўчаў? Сказаў бы камандзіру: давайце трэцяга. Дык жа маўчаў?
— Маўчаў, маўчаў… — няпэўна прабурчэў Войцік і пацягнуў за повад каня, які папнуўся ў кустоўе па хамлак зялёнай травы. — Ну ты, ваўкарэзіна, не нажрэшся…
Тым часам патроху цямнела — ленавата і няпэўна; у полі яшчэ было відна, але станцыйныя дамкі па той бок рэчкі спавіліся шэрымі прыцемкамі, а высокія дрэвы ля станцыі дык і зусім ужо стуліліся ў змроку. Мусіць, можна было ехаць, бо рабілася ўсё болей сцюдзёна на гэтым ветраным узлеску, рэдкія хвоі ўгары аж гудзелі ад ветру, ды і згаладнелыя коні не хацелі стаяць — лезлі пысамі па траву ў алешнік, ненажэрна дралі яе разам з воглым зялёным мохам.
— Так. Давай памалу цераз поле на кладку, — кіўнуў галавой Бураў і завярнуў кабылку.
Коні пайшлі полем, цвякаючы капытамі ў раскіслай ад дажджу баразне. Узлесак застаўся ззаду, і ў душы ў Бурава пачала расці-разрастацца сцюдзенаватая апаска — як бы іх часам не стрэлі па той бок рэчкі, ля лазні ці на падворку, як бы не напароцца на якую халеру. Усё ж праз вярсту ад станцыі была паліцыя, чорт ведае, ці сядзіць яна зараз у сваім бункеры, можа, як і яны, гойсае дзе па вёсках, а то яшчэ і заляжа ў засаду. Ці мала яны за лета нарываліся на паліцэйскія засады. Асабліва ў вёсках, паселішчах, на прасёлках, каля масткоў і кладак. Цяпер, едучы наўпрасткі цераз поле, ён не падганяў кабылу, і тая ішла, як хацела, — зморана тупала, клюкаючы капытамі ў гразі, а ён, навастрыўшы зрок, пільна ўглядаўся ў прырэчны хмызняк, туды, дзе калісьці была кладка. Праўда, хоць ён нарадзіўся тут і вучыўся, і аббегаў дзіцём усё наваколле, але з таго часу, як у калектывізацыю бацька перабраўся з сямё'й у мястэчка, Бураў ні разу не завітаў сюды — не было патрэбы, а затым на ягоным жыццёвым шляху была вайсковая служба на Далёкім Усходзе, два перадваенныя гады ён працаваў у раёне — ганяў па дарогах палутарку. І цяпер, едучы па тутэйшых мясцінах, ён ледзьве пазнаваў іх, хоць, зрэшты, яны не надта і змяніліся. Прынамсі, узлесак, дарога і поле былі, як і некалі; калісьці ён тут пасвіў жывёлу, вазіў снапы і сена, ведаў тут кожную балацявіну, кожны грудок і сцежку.
Здаецца, аднак, у полі і ля ракі скрозь было пуста, толькі ў надрэчным лазняку варушылася на ветры непаседлівая чародка вераб'ёў ды на плоце ля лазні пасядзела і ляніва паляцела кудысь варона. Ён ужо згледзеў там Сушчэнеў гарод з двума стажкамі каля падворка, ад лазні туды, памятаў, вяла добра ўтаптаная сцежка. Некалі падлеткам ён бегаў там, пазіраючы цераз плот на тоўстыя струкі сушчэнінскага бобу, адно лета той сцежкай ганяў да ракі гусей. Сушчэня тады быў яшчэ дзецюком, нежанатым, увогуле спакойным хлопцам, старэйшым за яго гадоў, можа, на восем, на Бурава ён мала звяртаў увагу — у яго былі свае інтарэсы і свая хлапечая кампанія. Чамусьці тады ён нават падабаўся Бураву, можа, сваёй паважнасцю, роўнасцю ў адносінах да іншых, сяброў і суседзяў. Хто б тады падумаў, што іхнія лёсы спакваля так недарэчна скрыжуюцца?