Читать «У тумане» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

Але во скрыжаваліся.

Рэчка была нешырокая, з падмытымі ў паводку, здзірванелымі за лета берагамі і кладкай — дзвюма гнілаватымі дошкамі, прытопленымі канцамі ў ваду. Бураў саскочыў з кабылы, пацягнуў за повад; кабыла нязгодна тузанула галавой, нерашуча пераступіла на беразе — баялася ісці ў раку. Можа, правільна забаялася, падумаў Бураў, чорт ведае якая тут цяпер глыбіня, вады найшло поўна, да самага берага. Але мо не ўтопіцца. Ён дужэй тузануў за повад, і сам нерашуча ступіў на прытоплены канец кладкі, кабылу ж кіраваў побач. Урэшце тая набралася адвагі, асцярожна сышла з берага і раптам апантана рванулася пярэднімі нагамі ў раку. Ён мусіў таропка пераступіць па кладцы, але тая здрадліва хіснулася пад нагамі, асела, ногі боўтнулі ледзь не да дна. Ледзьве ўтрымаўся на дошцы — повад выпусціў з рукі, — кабылка пужліва выскачыла на той бок і спынілася, атрасаючы мокрае чэрава. Моўчкі вылаяўшыся, ён ужо нетаропка перайшоў па кладцы і падняў з травы мокры повад.

На тым беразе, не злазячы з каня, сядзеў Войцік.

— Ну што стаў? Давай конна! Тут неглыбока.

Войцік пераехаў болей удала, конь цяжкавата ўзабраўся на бераг, і тады Войцік саскочыў, узяў з рук Бурава повад. Стоячы на адной назе, Бураў сцягнуў з другой нагі бот, выліў ваду, выціснуў мокрую дзіравую анучу.

— Не хапала яшчэ, халера…

Наперадзе і трошкі збоч на рачным беразе прыткнулася счарнелая ад часу і дыму крывабокая будыніна лазні з дзічкаю-грушай ля маленькага акенца. Мусіць, за ёй можна было захінуцца, і Бураў павёў туды змакрэлую сваю кабылку. Мокрая яго нага зусім азябла, ды і другая таксама не засцераглася ад вады — дзіравыя боты цвякалі пры хадзе, трэба было б дзе пераабуцца, змяніць анучы. Каб яны былі ў яго, тыя анучы. Але, яшчэ не дайшоўшы да лазні, ён злавіў носам знаёмы чадны пах дыму, і гэта яго ўстрывожыла. Калі ад лазні пахне дымком, дык, мабыць, там паляць ці ўжо напалілі і мыюцца — трэба ж было ім налезці на яе ў такі час! Але паварочваць назад, мабыць, было позна: у акенца лазні іх маглі ўжо згледзець.

Бураў зайшоў з глухога, надрэчнага боку лазні, прыслухаўся. Ад лазні дужа патыхала дымам, сажай, сухой, напаленай глінай; вугол з дзічкай густа аброс жорсткімі сцябламі малінніку. Войцік, пад'ехаўшы, таксама саскочыў з каня, і Бураў аддаў яму повад, а сам зірнуў з-за вугла на дзверы. Дашчатыя скасабочаныя дзверы лазні былі падпёрты яловым калком — значыць унутры яшчэ не было нікога. Мабыць, толькі яшчэ збіраліся мыцца.