Читать «У тумане» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Не злазячы долу, яны стаіліся за альховым голлем на ўзлеску, даючы трохі спачыць коням ды і самім перавесці дых — першы раз за сённяшні дзень; Бураў азіраў поле, якое ён памятаў яшчэ з таго часу, як сам жыў на станцыі. Улетку тут было, здаецца, жытное, даўно ўжо, аднак, прыбранае; добра здратаваны жывёлай палетак з патаптаным іржышчам раскіс ад дажджу, у затравянелым доле цьмяна паблісквалі вадой каровіны сляды. Размяклыя каровіны лепяхі шэрымі плямамі ляжалі на сцежцы акрай палетка. Прыцьмелая далячынь за полем і станцыяй паціху асядала ў слотных вечаровых прыцемках, але паблізу яшчэ было досыць відна, каб іх маглі ўбачыць здалёк.
— Думаеш, ён нас жджэ? — сказаў, памаўчаўшы, Войцік, мабыць, маючы на ўвазе тое галоўнае, што цяпер турбавала абодвух.
— Можа, і не жджэ.
— Даўно змыўся куды. У паліцыю, можа…
— Прыедзем — пабачым. А то сядзем у засаду, — адчуўшы міжвольную прыкрасць ад тых абачлівых слоў памагатага, сказаў Бураў.
Войцік насцярожана паўзіраўся ў адзін бок, у другі, і, хоць змоўчаў, Бураў зразумеў, што сядзець тут у засадзе яму дужа не хочацца. Хочацца хутчэй назад, у Валоўскую пушчу, да сваіх буданоў, дзе хоць трошкі ўгрэўна ля дымных цяпельцаў і ўжо напэўна бяспечней, чым каля гэтай станцыі. Увесь дзень яны перліся лесавымі дарожкамі, па лужках, пералесках, змакрэлі на слаце ды ў зарасніках; сцёгны, плечы і калені даўно ўжо здранцвелі ад сцюжы. Ехалі без сёдлаў, у Бурава пад задам муляла нейкая скарэлая радзюжка, якая ўвесь час збівалася то на адзін, то на другі бок, а Войцік тросся на нічым не пакрытай вострай хрыбціне свайго касмылявага коніка. Абодвум даўно хацелася есці — трохі перахапілі яшчэ на світанні ў лагеры, з сабой не было чаго ўзяць, думалі, прыдбаюць што па дарозе. Але, на шчасце ці на бяду, дарога выдалася такая, што ніхто ім нідзе не спаткаўся, а ў вёскі яны не заязджалі, каб незнарок не наскочыць дзе на паліцыю. Зробяць справу, будуць ехаць назад, тады, можа, куды і заскочаць, каб перакусіць і пасушыцца. Але, відаць, менавіта такі варыянт і быў не па нутры Войціку.
Быццам, ён, гэты варыянт, быў даспадобы Бураву!
Ужо лепш схадзіць куды-небудзь на сувязь — у гарнізон ці, яшчэ лепш, на хутар або пасядзець пад елкай ля шашы ў засадзе, чым перціся на такое заданне. Але во мусіў, хацеў або не — начальства аб тым не пытала, загадала, і ўсё — бяжы, выконвай. Зрэшты, тут зразумела: апроч яго, Бурава, гэтага Сушчэню з Масцішча ў іхнім атрадзе ведаў у твар хіба адзін Коўзун, што поркаўся з лета на кухні. Але Коўзуна хіба пашлеш на такое — гэты вясковы дзядзька, мусіць, з вінтоўкі за жыццё не стрэліў, ці яму справіцца са здаровым, дужым Сушчэнем.
Увогуле ж, калі разабрацца, дык пакуль што ім не было чаго наракаць, усё складвалася больш-менш удала, і Бураў быў бы давольны, калі б трохі спачыў. Усё ж за гэтыя дні ён добра-такі выматаўся; мінулаю ноччу спаў усяго якіх пару гадзін: позна ўначы прытопалі з Хамутовым з-за Рэсы, дзе разведвалі новае месца для лагера. Начальства надумалася мяняць на зіму лагер, каб далей зашыцца ў лясныя нетры, бо, калі пазамярзаюць паплавы і балоты, тут, у пушчы, атраду не ўседзець. Тры дні яны з Хамутовым і яшчэ адным разведчыкам з-пад Улы поўзалі-лазілі па-над гэтаю Рэсай, што-нішто там усё ж выгледзелі, толькі вярнуліся, стомленыя, мокрыя і галодныя, а тут на табе: едзь у Масцішча. Праўда, Бураў не меў такой звычкі — адмаўляцца, сказаў: ёсць, будзе зроблена. Але гэта не значыць, што ў ягонай душы зайгралі аркестры — душа яго плакала, як на хаўтурах: страшэнна хацелася спаць, хоць на гадзіну сцішыцца ў цяпле ды спакоі; дарогаю аж баяўся, каб, заснуўшы, не зваліцца з кабылы. Таму і гнаў, не даючы спачыну ні сабе, ні Войціку, лаючы ў думках таго Сушчэню.