Читать «Знак бяды» онлайн - страница 23

Васіль Быкаў

Горш вось, што не было змеевіка.

Пятрок сеў на ўслончык ля вёдзер і, пакашліваючы, пачаў думаць, дзе ўзяць змеявік. Раней па такую патрэбу ён бы падаўся ў мястэчка да Лейбы, што рабіў у кузні: каваў панарады, падкоўваў коней, адцягваў сякеры, насякаў сярпы бабам, мог залудзіць міску і направіць сапсуты замок.

Лейба быў чалавек майстравіты, ужо ён бы Петрака выручыў. Тым болей, у іх была нават дружба. Пятрок да яго ставіўся з павагай і звяртаўся ласкава Лейбачка, а той да яго — Пятруська. Здаецца, нават яны былі аднагодкі і ведалі адзін аднаго з хлапечай пары. Здаўна ўсю кавальскую справу рабіў яму Лейба; Пятрок жа ніколі не скупіўся на плату — грашамі, яйкамі, салам, часам збожжам — усім, што па тым часе было ў гаспадарцы. Калі ж заплаціць не было чым, Лейба мог зрабіць у доўг, «напавер», пачакаць месяц, паўгода, пакуль вырасце збожжа ці прыйдзе час рэзаць авечку. І ніколі ў іх з Петраком не было ўзаемных крыўд ці непаразуменняў. Лейба напэўна змайстраваў бы яму змеявік, ды кузня яго даўно перайшла калгасу, а сам каваль з'ехаў да родзічаў у Лепель. А цяпер дык невядома, ці там хто робіць, улетку кузня стаяла замкнёная.

За гасцінцам у Выселках быў яшчэ адзін чалавек, Карніла, таксама рукасты на ўсякія справы мужчына, ужо ён бы нешта прыдумаў ці знайшоў у сваіх запасах… Але ў Петрака з ім даўно не было дружбы, хутчэй наадварот, яны былі амаль ворагі і не віталіся. А ўсяму віной Сцепаніда, якая дзеўкай гуляла з гэтым Карнілам, ды пабралася з Петраком, — малады, ён быў хлопец спраўны і музыка, не тое што гэты ваўкаваты Карніла. Сапраўды, той быў дужа цяжкога характару, калі ўжо каго не панаравіць, дык будзе касавурыцца да скону дзён. Яшчэ быў ён скупы і скнарны, хоць жыў заўсёды няблага, рабіў не ў калгасе, а ў пажарнай у мястэчку і меў добрыя рукі: мог роўна наслаць падлогу, звязаць аконную раму ці нават змураваць печ. Не, да Карнілы яму не сунуцца, лепш папытаць пры выпадку яшчэ ў каго-небудзь на Выселках.

Пятрок накурыўся ўволю, адкашляўся — мусіць, трэба было брацца за справу. Ага, найперш пасыпаць чаго-небудзь курам, і ён, знайшоўшы на кадцы стары драўляны гарнец, зачэрпнуў ім у крайнім сусеку ячменных адходаў, вынес з сянец. Куры, мусіць, ужо цікавалі яго і, толькі ўбачылі з гарцам, стрымгалоў кінуліся з-пад плота, з гарода, ад паветкі, і ён шырока сыпануў на падворак, каб хапіла ўсім. Пакуль тыя ўвішна дзяўблі на ўтаптанай зямлі падворка, падбіралі ў мураве, ён думаў: які пакручасты лёс і што вытварае ён з чалавекам! Хіба калі гаспадар у Яхімоўшчыне карміў уранку курэй! Ці яму не было іншае, болей важнае справы па гаспадарцы? Адной скаціны тут мелі болей дзесятка галоў — конь, маладая жаробка, дзве каровы, калі яны яшчэ не цяліліся, шэсць ці восем авечак. Ну і свіней, канешне, не меней як дзве — укормны парсюк і меншы, у налецце, падсвінак. Праўда, і рук было болей. Але во сышлося на нуль, толькі і клопату што кароўка, малое свінчо ды гэтыя дзевяць курыц. Ад каня і ўсіх пра яго клопатаў некалі аслабаніў калгас, авечкі неўпрыцям вывеліся самі, ды і каму было іх даглядаць? Дзеці рана павыляталі з бацькоўскага гнязда, не вярнуць. А тут гэта вайна — яна, мусіць, даб'е ўжо канчаткова.