Читать «Знак бяды» онлайн - страница 14

Васіль Быкаў

Цяпер усё стала панятна, Пятрок борздзенька надзеў кажушок у рукавы, адчыніў дзверы ў сенцы. Пасля, не ведаючы, што рабіць, але прадчуваючы кепскае, старанна зачыніў іх за сабой і праз акно ля парога пачаў сачыць за прахожымі. Па меры таго, як яны набліжаліся, ён, аднак, спакайнеў. Ды і чаго ўвогуле было баяцца, ніякай віны за сабой ён не чуў, а Гуж дык нават быў яму нейкай раднёй па дзеду — калісь, яшчэ да калгасаў, на кірмашы ў мястэчку выпівалі ў кампаніі. Але ад пачатку калектывізацыі Пятрок з ім не бачыўся. І век бы яму з ім не бачыцца.

Паліцаі тым часам мінулі вароты, нетаропка падышлі да калодзежа; зыркія ўчэпістыя вочы Гужа на тоўстым ад'едзеным твары матлянуліся па падворку і спыніліся на дзвярах — мусіць, трэба было адзывацца. Ды надта ўжо не хацелася. Пятрок выйшаў у сенцы і няпэўна знерухомеў ля вёдзер з вадой на лаўцы. Толькі калі чужая рука забразгала знадворку клямкай, ён адчыніў дзверы.

— А-а, во дзе ён хаваецца, — напаўжартам прагудзеў Гуж і, угнуўшы галаву ў картузе, пераступіў парог. — А я гэта гляджу, няма ля будынкаў. Дзень добры!

— Дзень добры, — запалым голасам адказаў Пятрок. — Дык гэта… Чакаю.

— Каго чакаеш? Гасцей, ага? Ну, гэта добра, страчай во!

— Ага, заходзьце ж, — змушана падхапіўся Пятрок і шырэй расчыніў дзверы ў хату. Шорхаючы скураной паддзёўкай, Гуж з вінтоўкаю ў руках ступіў у хату, за ім, тонка падпяразаны дзягай па чырвонаармейскім шынялі, сунуўся падгалы Каландзёнак. Пятрок прычыніў дзверы, трохі пасунуў ля стала ўслон. Але госці не селі. Каландзёнак адразу выцягся ля парога, нібы на варце, Гуж нетаропка пратупаў да стала і назад, зазірнуў па чарзе ў вокны.

— Як на курорце! — прагудзеў ён. — І лес блізка, і рака. І мястэчка пад бокам, ага?

— Блізка, ага, — пагадзіўся Пятрок, панура згадваючы пры сабе, які д'ябал іх прыгнаў сюды ў гэткае ранне. Што ім патрэбна? Другі раз сядаць ён не запрашаў, думаў, можа, што скажуць і пойдуць сабе далей.

Але, мусіць, ісці яны не збіраліся.

Гуж, паазіраўшы куткі і сцены з цвікамі, працяглым позіркам павёў па абразах у куце, нібы палічыў іх, расшпіліў на грудзях рудую скуранку.

— Цёпла, аднак, у цябе.

— Дык гэта… Не палілі сёння.

— Цёплая, значыць, хата. Гэта харашо. Трэба раздзецца, не вазражаеш?

— Дык калі ласка. Можна і зняць. Вы сюды павесьце, на гэты цвік.

Крэкчучы, Гуж сцягнуў з тугіх плеч цеснаватую, пэўна, чужую скуранку, павесіў на цвік каля яго скрыпкі, што вісела ля акна. Дзягай з вайсковаю спражкай пачаў падпяразваць сінюю мультановую світку.

— Усё іграеш? — кіўнуў ён на скрыпку.