Читать «Знак бяды» онлайн - страница 120

Васіль Быкаў

«Божа, Божа, — думаў Пятрок, пазіраючы на мігатлівую мітусню агняных языкоў у вогнішчы, — што робіцца на свеце! Якая страшная вайна, як няўдала пачалася, што будзе далей? Страшны час!» Хоць і да вайны хапала рознага ў вёсцы… Пятрок слаба разбіраўся ва ўсёй той складанай механіцы барацьбы ў маштабах краіны, але што датычыцца сваёй вёскі, дык тут ён ведаў болей за якіх упаўнаважаных. Упаўнаважаным, бывала, падабалася, як выступаў на сходах Антось Недасека, думалі, мабыць: які свядомы! А Пятрок ведаў, што гэта ён выступае так згодна таму, што днямі падаў заяву аб дапамозе як мнагадзетнаму і малазямельнаму. Во і стараецца! А калі Барыс Багацька прагаласаваў за калгас, дык зусім не таму, што быў яму рады, а каб дапячы Гужову, з якім даўно быў у сварцы і які, бы чорт крыжа, баяўся калгаса. Ды і ягоная Сцепаніда, хоць і агітавала за калгас па ўсёй вёсцы, калі разабрацца, болей старалася за сябе, ну, і за яго, вядома, бо ўжо стала відаць, што з дзвюх дзесяцін пражыць неяк, а здароўе пакладзеш, гэта пэўна. Але во як яно абярнулася: Барыс уцёк у Ленінград да родзічаў, Гужа раскулачылі і выслалі, а цяпер за тое трэба аддувацца, і першаму — Пятру Багацьку, жонка якога некалі трапіла ў той камбед і на сходзе пасядзела ў прэзідыуме. Каб цяпер тыя яе пасядзелкі не вылезлі бокам.

Пятрок далей пад казан падсунуў дзве галавешкі і падклаў збоч бярозавае паленца, падумаў, што, мабыць, ужо хутка закапае. Медная літровая конаўка даўно ўжо чакала пад кончыкам змеевіка, але там было яшчэ суха, яшчэ ніводная кропля не выцекла з трубкі. Пятрок зноў зірнуў угору: у ельніку на ўзроўку мітусліва-трывожна круцілася сарока, нешта настойліва сакатала, і Пятрок падумаў: ці не крадзецца хто да яго з рова? А можа, сарока сакоча на яго самога? Усё ж для пэўнасці, каб заспакоіць сябе, ён устаў і ўгледзеўся праз хмызняк — быццам паблізу нічога не было відаць. Але сарока не аціхала, падлятала то бліжэй, то абыходзіла гушчар стараной і ўсё настойлівей трашчала няўрымслівую сваю трывогу. Тады ён, прыгнуўшыся, прадраўся праз ельнік і ўбачыў ля ручая Рудзьку, сабачку пастушка Янкі. Мабыць, асірацеўшы без гаспадара, сабака круціўся па полі і забрыў на вогнішча, можа, згаладнеў і цяпер, убачыўшы Петрака, жвава заматляў хвастом, не зводзячы радасна-ажывелага позірку з чалавека.