Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 17

Уладзімір Сцяпан

* * *

Чарга ў лякарні няўтульнае крэсла… Прыемны скразьняк.

* * *

Галінка вярбы. Дакрануўся, і зьніклі кропелькі расы.

* * *

Апранаюся. З хлебам выпіў гарбаты. Ранак прачнуўся.

* * *

Дзень нараджэньня. Апрануў вайсковы фрэнч. Халодны жнівень.

* * *

Ядлаўцовы куст на пясчаным узгорку. Чэрвеньскі ранак.

* * *

Кавалак хлеба. Муха над вухам зьвініць. Кубак малака.

* * *

Выйшаў з кватэры, толькі рэха вітае мяне на сходах.

* * *

За будынкамі стракатаю хмараю зьніклі галубы.

* * *

Сінія груды на поўначы Чэхіі ў сонечны дзень.

* * *

Руды сабака брэша за весьніцамі… Няўжо я чужы?

* * *

Як моцна дрэва за глебу трымаецца… Зрываю кветку.

* * *

Ценем фіранкі крэсьліць паперу вецер, складае свой верш.

* * *

Руіны мура, ізноў ты стаў валуном, камень на груду.

* * *

Фарбую сьцяну. Ці знойдзе шэры павук сваю шчылінку?

* * *

Ядлаўцовы куст выкінулі на пясок хвалі верасу.

* * *

Засохла дрэва. І жукі-дрывасекі тут завяліся.

* * *

Сена варушу. Нават у летніх травах схавана восень.

* * *

Добрая душа, падары цыгарэтку, запалім разам.

* * *

Павуком пабег чырвона-чорны камбайн у жоўтым жыце.

* * *

Ляжу пад дрэвам, а ў галаве ні думкі, адпачываю.

* * *

Ядлаўцовы куст, ці чалавек на грудзе махнуў рукою?

* * *

Залаты жучок раптам мільгануў і зьнік — вецер у траве.

* * *

Ты не сумуеш Па ветру над возерам, жучок-плывунец?

* * *

Кветку не кранай, бо загудзе на цябе раззлаваны чмель.

* * *

Здароў, землякі! На слупе пры дарозе рэжу слова «Менск».

* * *

Гарбаты жучок, на плячах сваіх схаваў лёгкія крылы.

* * *

Прылёг на зямлю. Адкінуўшы рыдлёўку, адпачываю.

* * *

Заварушыўся каля берага чарот, выпаўзла жаба.

* * *

Да дому прынёс на адзежы кастрыцу. Хораша ў лесе.

* * *

Пакінуты дом, ці будуецца новы? Шарая гадзіна.

* * *

Стомлены працай. Прыемны холад вады. Доўга мыюся.

* * *

Чыркнуў запалкай. Вастракрылы матылёк сьвеціцца ў цемры.

* * *

Грукнулі дзьверы. Пацягнула скразьняком… Прачнуўся ноччу.

* * *

Жнівеньскі месяц праглынулі аблокі. Халодная ноч.

* * *

Старога сябра галава пасівела. Месяца сьвятло.