Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 36

Іван Мележ

— Дзевак — не, а пра Сароку — не знаю. Гаранцію на ету не даю!

— Пасяджу, падрамлю — i дадому. Цяпер чуць не кожын вечар Алёша рэжа на гармоніку. Дак i скакаць, як скажы ты, развучыўся! Усё от думаю: кеб Хадоська була, кеб з Канапляначкаю — полечку ці кадрыліцу на васемнаццаць кален!

Гаварыў, гаварыў, рагатаў Хоня — i загаварыў Хадоську. Схамянулася толькі тады, калі з мястэчка вярнуўся галоўны доктар, яшчэ чырванейшы з марозу, стаў строга аглядваць Алёшу i Хоню. Але i калі ляжала зноў на ложку, доўга цешылася ўпотай смехам, перабіраючы ўсё, што казаў Хоня. Да самай ночы весела згадвала вячоркі, дзяўчат, куранёўскія паляны, хадзіла, гаманіла лёгка, жвава; a ў поўнач, бяссонная, стомленая, раптам зноў забілася плачам, такім горным, што ледзь магла ўтрымаць стогн…

Ехала з бальніцы познім сакавіцкім днём. Сонца то прарывалася праз нізкія хмары, то прападала; здавалася, што вось-вось пачне сцябаць дождж ці мокры снег, але ні дажджу, ні снегу не было, сцябаў адно халодны вецер. Стылі ногі i рукі, a ca стрэх капала, i снег пад палазамі рыпеў мокра, паныла. Не хацелася ні аб чым думаць, нічога чуць. Бацька ў Юравічах заехаў да драўлянай крамкі, вынес нейкія дзве скрынкі — Нохім прасіў прывезці; пакуль давезлі, пакуль пастаялі каля Нохімавага плота, добра звечарэла. Цераз грэблю паўз чорную цагельню цягліся ўжо ў мокрай цемры. Хадоська не бачыла, калі зажаўцелі наперадзе рэдкія агні, зачарнела купа хат. Не варухнулася, не зірнула нават. Бы не было доўгай ростані.

Сярод вуліцы здрыганулася з неспадзеўкі: цішыню працяў злы брэх глушакоўскіх сабак. Кальнуў вочы агонь з іхняй хаты.

4

У тую вясну ні разу не пабачылі Хадоську ні на іфышчах, ні на вячорках. Ніхто за ўсё лета не чуў яе галаска ў дзявочых гуртах: як ні прасілі, ні разу не ирыйшла, не заспявала. І смяяліся, i спявалі Хадосьчыны таварышкі без Хадоські. Толькі i бачылі цяпер куранёўцы Хадоську на сенажаці, на полі — загарэлую, ціхую, упартую ў працы, з брацікамі i сястрычкамі сваімі, з бацькамі. Не змянілася яна нічым i ўвосень i ўзіму; жыла адзінока, як у лесе. Заходзіў быў у хату да яе Хоня, раз ці два — Міканор, але, бачылі ўсе, адступіліся скора: не зладзілася з Хадоськаю ў хлопцаў. Хадоська, казалі, нібыта гаварыць не захацела: маўчыць, маўчыць усё, быццам толькі i чакае, калі астанецца адна, — нецікава зусім з ею. Праўда, друпя жанкі казалі, што яна i не маўчыць пры хлопцах, што рада, каб хадзілі; сама нібы запрашала, але каму з хлопцаў цікава быць з такою? Тут часта пачыналіся спрэчкі: адны даказвалі, што бяда — бядою, што Хадоська цяпер — нават лепшая, паразумнела, не тое што якая другая дурніца ці сама яна ранен; друпя судзілі — сама вінавата, дык няхай i бядуе сама i на хлопцаў не спадзяецца вельмі…

Сярод гаворак пра Хадоську былі такія, што i Хоня, i Міканор Хадосьцы — пустое, што — пра гэта асабліва горача даводзіла Сарока — Хадоська, як i раней, любіць, чакае не дачакаецца аднаго Яўхіма. Сарока клялася, што хто-хто, а яна ведае гэта, як сама сябе; што ад таго, што так любіць Яўхіма, Хадоська i глядзець на Ганну не хоча, хоць — яшчэ нядаўна ж зусім — таварышавала!..