Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 34
Іван Мележ
Не першы раз шкадавала, што сваякі ўсе ці ў Куранях, ці ў сёлах поблізу. Як ні разважала, усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца: мястэчка вялікае, i куток пад страхою, i работы — абы ахвота была; яшчэ раней дазналася. У гэты вечар зноў гаманіла з местачковымі: ляжала Хадоська цяпер у вялікім пакоі, побач было багата юравіцкіх — i хату, i працу, можна сказаць, знайшла…
З нецярплівасцю, з дзелавітай заклапочанасцю выглядвала ў акно бацькавы сані, узрадавалася, замітусілася, калі убачыла знаёмага рудога коніка. Але калі матка i бацька ўвайшлі ў калідор, адкрыць жаданне сваё не зразу наважылася.
— Ой, мамко, што я вам скажу? — знарок весела, бы лашчачыся, прытулілася Хадоська да маткі, калі старыя сабраліся ўжо ехаць дадому.
— Што ж ты скажаш? — Матка гладзіла па галаве, чакала: скажа якую-небудзь дробязь.
— Толькі вы не абіжайцеся, — ужо без усмешачкі, папярэджваючы, папрасіла Хадоська. — Добра?
— Чаго ето? Што ты ўдумала?
— Удумала! Толькі я добра разважыла ўсё, мамо! Не думайце, што ето — вецер у галаве!.. Не будзеце?
— Дак ты скажы наперад… Ну, не буду!..
Хадоська раптам як бы забаялася зноў. Яна памаўчала; сабраўшы сілу, не гледзячы на матку, выціснула амаль з адчаем, адным дыхам:
— Мамо, я хачу тут астацца. У Юравічах…
Хадоська, хоць i не глядзела на маці, бачыла: матка зірнула на яе, не разумеючы:
— Чаго ето?
— Жыць тут, мамо. Рабіць буду…
Маці маўчала момант, зноў зірнула на дачку, потым на чалавека свайго, нібы сама не магла зразумець.
— От удумала! — прамовіла, як бы не верачы. — Удумала!
— Я даўно ужо ето, мамо…
— Удумала! — не хацела слухаць матка. — Ето ж трэба! Дадумацца да такога!
— Мамо, усё адно — пара ўжэ мне. Не век жа пры вас…
— Цесно табе, пагано табе пры матцы ды бацьку було?
— Не цесно i не пагано, мамо. A толькі… Не хочу я туды, мамо!..
Матка не адразу знай шла, што сказаць. Ледзь стрымалася, каб схаваць жаль аб дачцэ.
Бацька пакруціў у руках пугаўё, прамовіў:
— Матка — нібыто — праўду кажа.
— A ці ж няпраўду! За бацькам, за маткай калі — якому дзіцяці пагано було? Якое ето — розум маючы — бацькі, маткі цурацца будзе?..
— Дак хіба ж, мамо, я цурацца хочу!..
— А не хочаш, дак i добра! — Матка не дала дачцэ гаварыць: — За маткай, за бацькам заўсягды добра! Толькі — кеб хутчэй дадому, прасіся! Скажы: i так заждаліся, збалеліся душою! Наездзіліся, даждацца не можам: калі ўжэ прывязем саўсім! Брацікі, сястрычкі ждуць не даждуцца!.. А ето, глупство ўсякае, выкінь! Не думай нічого попусту!