Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 38

Іван Мележ

З таго летняга дня, калі Хадоська нанава пачула спеў жаваранка, свет для яе як бы перамяніўся. У свеце было харошае, было чым цешыцца, чаму радавацца. Не было ўжо нядаўняй беспрасветнасці. Хадоська не чула сябе ужо такой адзінокай. Але ў вялікай перамене, што адбылася ў свеце навокал, менш за ўсё змяніліся для Хадоські божыя стварэнні, якія спрадвеку завуцца людзьмі. Можна сказаць, што цяпер для Хадоські яны — не лічачы бацькі, маткі, брацікаў, сястрычак — былі менш як калі відныя i чутныя. Знайшоўшы сабе ў свеце вялікую ўцеху, Хадоська не думала ўжо з такім страхам, што пра яе гавораць, як глядзяць на яе. Яна ўжо як бы менш залежала ад ix. І ёй было лягчэй.

Мінулі лета, восень, зіма, пайшло другое лета, а Хадоську не пахіліла да людзей. Як i раней, не чула сябе Хадоська сярод людзей так добра, як сярод дрэваў ці жыта. Як i раней, трапіўшы ў грамаду, яна нязменна маўчала, старалася адно адасобіцца; адыходзіла так, быццам вырывалася з няволі.

І сустракаючыся з кім у полі, на дарозе, даўшы звыклы "добры дзень", Хадоська мінала хутчэй, бы баялася, каб не сталі, не прывязаліся. Не ўцякала яна цяпер — заўважылі — можа, толькі ад аднаго Хоні, хоць i да яго хілілася не вельмі. А так, можна сказаць, між людзей была Хадоська — або ў царкве, у якой слухала i малілася, як мала хто, шчыра, або на дарозе да царквы.

Яшчэ заўважылі ў Куранях, што пры такой непрыхільнасці да дарослых Хадоська аж дзіва гарнулася да дзяцей. Ахвотна бавілася яна з суседскімі, што вечна таўкліся каля яе, a сваіх малых брацікаў i сястрыц дык глядзела заўсёды, мілавала, бы матка. І карміла, i паіла, i мыла — i не адзін дзень, для прыліку, a ўсе гады — i з якою ахвотаю, з якою любасцю! Ігнаціха, Хадосьчына матка, нахваліцца ёю не магла.

А яшчэ злыя языкі казалі, што за ўсе гэтыя гады не было такога, каб Хадоська падышла к якой маладзіцы, у каторай фудное на руках. Казалі, бачыць не магла, чарнела тварам, уцякала падалей адразу. Усяго ўсякага — калі было да гаворкі — казалі пра Хадоську, i было ў тых гаворках іншы раз i такое, што ў яе "не ўсе дома", што яна трохі, не інакш, "кручаная". І невядома яшчэ, чым яно ўсё кончыцца!

5

Хадоська ўночы багата думала пра Ганну, пра бяду яе. Hi ў думках, ні ў сэрцы не было ладу. То як бы спакайнела: не яе бяда, чужая; то гарэла злой радасцю: ёснь на свеце праўда, прыйшла кара; то раптам, чулая, кволая, спачувала: бяда такая! Жаль кволіў, калі думала, як Ганна недзе б’ецца над дамавінай, над белай горкай магілы; ужо, здавалася, гатова была з даўняй, нібы жывой яшчэ таварыскасцю дараваць усё, але амаль кожны раз думкі цямніў Яўхімаў цень, i ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Незмірымасць большала, камянела, калі ўспамінала сваё бедаванне, сваё малое, якое нібы зноў траціла…