Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 31

Іван Мележ

Доўга-доўга, шкадуючы, згадвала Хадоська бездань азярца каля Глінішчаў: чаму тады збаялася, не кінулася, не кончыла усё адразу; не адзін дзень, не адну ноч строіла думкі, як загубіць сябе. За акном гулі вятры. лютавалі сіберныя стужы — вылезь ноччу ў віхурнае поле ці ў лес, i ўсё кончыцца ўраз. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Не страшна i не балюча, i зразу стане легка. Канец усёй пакуце зразу… Пад поўнач ціха выбралася ў калідор — санітарка спала на састаўленых табурэтках; асцярожліва, на пальчыках абмінула яе — дзверы былі замкнёны, але тырчаў ключ; хапатліва крутнула ім i, нічога ўжо не цямячы, рынулася ў сенечкі, за імі — у ветраную цемень, у сівер. Санітарка потым гаварыла: бразнулі дзверы, моцна пайшоў холад; Хадоську здагналі за агародкаю, у хвойніку, у снезе — можна сказаць, у ад ной сарочцы.

На другі дзень прыехала маці, адразу ж дачулася пра Хадосьчыну ноч; i ці дзіва — уся бапьніца гула пра гэта. Чулае матчына сэрца ўміг зразумела, што задумала дачка; глядзела на Хадоську вачыма, поўнымі болю i слёз, божкала, жахалася, благала: "Рыбачко Хадосечко!.. Што ж ето ты, галовачко, удумала!.. Бацьку, матку не шкадуючы, брацікаў, сястрычак!.. Ці ж мы не глядзелі цябе, як вока сваё! Не любілі, не шкадавалі хіба?! Як жа ж ты ўдумала такое!.." Хадоська слухала, але нібы не разумела нічога; не было ў ёй ні шкадавання аб сваім учынку, ні жалю да маткі — да ўсяго яна чула, як нешта сціскае, ломіць яе, поўніць усю такім холадам, што вось-вось не ўтрываеш, закалоцішся, бы ў трасучцы. Яна заплюшчыла вочы, паказала матцы, што спіць. У нястрымнай ліхаманцы яна не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Увечары холад раптам прапаў, цела яе стала гарэць, зрабілася так душна, што не было як дыхнуць. Праз нейкі гарачы туман бачыла яна доктара, якога паднялі сярод ночы, абыякава, бы з далёкай далі, чула, як ён мацаў ёй лоб, ставіў градуснік. Доўгую, бясконцую вечнасць, у якой не было ні днёў, ні начэй, не было нічога зразумелага, кідалася яна ў нясцерпным агні, у нейкіх блытаных, жахлівых відовішчах, стагнала, мармытала, крычала нешта; дактары казалі потым, што была ўжо трохі не на тым свеце.

Апрытомнела яна сонечнай, вясёлай раніцай — на марознай шыбе зіхцелі радасныя іскрачкі-зоркі. Ачнулася з дзіўнай, нечуванай лёгкасцю, бясхмарнасцю — ляжала, здавалася самой, лёгкая, бы тая пушынка: шапні вецер — i паляціць! Яна той раз ляжала так нядоўга, бо непрыкметна ўзяў сон, такі ж лёгкі, як i ява. Наступнымі днямі тая ж лёгкасць была ў ёй, не адыходзіла: ні аб чым не думала, нічым не турбавалася. Як бы іншы свет стаў: i марознае святло праз шыбы, i белая баковачка, i дактары, нават той, галоўны, з чырвоным тварам. Інакш спаткала яна i шчаслівых бацьку i маці: пачула нешта цёплае, святочнае, мілае. Бацька больш маўчаў, адно вачэй давольных не зводзіў, a маці гаварыла-гаварыла, аж захліпалася з радасці: "Не пушчалі нас! Не можно, маўляў, к ёй! Дохтар не вялеў, каторы галоўны, маўляў. A адзін раз я ўпрасіла самого, каторы галоўны. Плачам умаліла, штоб пусцілі. Прыйшла. А ты — i спіш i не спіш, губкамі ўсё мыляеш, як бы піць хочаш. Губкі — відно — гарачыя, сухія. І так голаву павернеш, i так — бы ляжаць нядобра, нязручно. І як пабачыла я — горно мне стало так, аж глядзець не магу. Слёзы так i бягуць. "Хадосько!" — кажу ціхо так i аж заходжуся. А ты як пачула, ці што, вейкі задрыжалі, расплюшчыла трохі вочы. Глядзіш кудысь угору, а вочы — няцямныя, змучаныя. "Донечко, рыбачко мая!" — кажу. А ты — як глухая. Бы не пазнаеш, бы я чужая! Вачмі не павядзеш — няцямныя, як нежывыя! "Мамко ж я твая! — кажу. — Мамко твая, чуеш?!" — а ты хоць бы знак які! Паглядзела трохі i саўсім заплюшчылася зноў! Губкамі замыляла, як бы ў роце перасохла, бы вады табе трэба! А там раптам — як застогнеш, як загамоніш — часто-часто! Не разабраць што!.." Маці зноў зайшлася горкімі слязамі, слова не магла больш вымавіць; здалася Хадосьцы нейкай кволай, няшчаснай, аж жаль узяў. Бацька не вытрываў, папракнуў: "От завяла! Па нябожчыку — нібыто!.. Дачка паправілася, а яна!.." Маці ўраз нерастала хліпаць, ражком хусткі выцерла вочы: "Па нябожчыку! A ці ж не была — усё адно што нябожчык! Я ж, можа, i ўспамінаю, i плачу — што рада! Што дочачка усё адно як з таго свету вярнулася!.."