Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 20

Іван Мележ

— Бог — даў, Бог — узяў…

Ён намерыўся ісці, калі Ганна раптам узнялася, ніжучы гарачым, шалёным позіркам, ступіла да яго.

— Ето — вы! Вы!..

Ён нельга сказаць каб збянтэжыўся, але стаў. ІІерахрысціўшыся, цярпліва пакруціў сухенькаю галавою: ашалела, дурная, — сама не ведае, што вярзе!

Падскочыла мачыха, хацела супакоіць. Але Ганна слова не дала сказаць ей, поўная крыўды, болю, нянавісці, гневу, што душылі яе, выдыхнула зноў зацята, люта:

— Вы! Вы! Загубілі донечку маю! Загубілі-і!!!

Стары кальнуў яе злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла!

Быць бы большай бядзе, калі б Глушачыха, што хвіліну назад стаяла над магілкай са слязамі, не заўважыла, як ад калёс нядобра, рашуча ступіў да бацькі Сцяпан. Кінулася да сына, уткнулася ў грудзі, утрымала — ледзь утрымала! У час умяшалася ў звадку i мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок, за акацыю. Загаманіла, затлуміла словамі.

Старога Халімона супакоіў сівенькі разважны поп — узяў Глушака за локаць, прымірэнча, па-старэчаму ўлагодзіў: не бярыце вельмі да сэрца, мала што скажа жанчына з няшчасця!

Ён яшчэ нешта лагоднае гаварыў, ведучы старога з могілак. За папом i Халімонам Глушачыха павяла Сцяпана. Яўхім, які завяртаў назад калёсы, пазваў Ганну, але тая нават не азірнулася, нібы i чуць не хацела. Ён пастаяў, пачакаў трохі, упрошваць не стаў — пазваў мачыху.

— Ідзі,— сказаў мачысе бацька. — Мы патом…

— Як вам лепей. — Мачыха паволі, бы пасля цяжкай, сумленна зробленай працы, пайшла ад Ганны.

Яны асталіся ўдваіх. Ганна не лямантавала, нават не плакала — седзячы на коленцах, ціха гайдаючыся, як лазіна ад ветру, горбілася, журылася над такім яшчэ нязвычным гарбком зямлі. Сонца выйшла з-за галля, паліла ёй ненакрытую галаву, але Ганна не чула. Доўга моўчкі стаяў i бацька.

— Хадзем ужэ, — нарэшце зварухнуўся ён. — Усё адно… Не вернеш…

— Не пайду я, — не адразу, хрыпата адказала яна. Памаўчала, дадала цвёрда: — Не пайду к ім!..

5

Доўга ўгаворвала яе мачыха вярнуцца к Глушакам, к чалавеку свайму. Ганна не крычала, што не пойдзе, не гневалася, таропіла адно нязводныя, невідучыя вочы i маўчала, бы не чула нічога. Мачыха гаманіла, гаманіла, потым з лагоднай гамонкай прыбрала ёй раскіданыя валасы, завязала хустку, як хворую, падняла пад руку, вывела з хаты. Пад руку павяла па зачырвоненай заходным сонцам вуліцы. Крок у крок тупала побач — баялася, адумаецца, выкіне зноў што-небудзь, несамавітая!

Але Ганна не выкінула нічога. Цягнулася як сама не свая; як звар’яцелая, таропіла вочы. Ціха ўвайшла ў Глушакоў двор, моўчкі, паслухмяна улезла на ганак. Каля дзвярэй прыпынілася, абапершыся аб вушак, павяла вачыма — хацела штосьці даўмець i не магла. Мачыха адчыніла дзверы, пад руку ўвяла яе ў сенцы, у хату. З лагоднай гамонкай палажыла на ложак, накрыла світаю.

Яшчэ як уваходзіла, прыкмеціла на двары старую Карчыху i Сцяпана, ix пільныя позіркі; уладзіўшы Ганну, пастаралася сцішыць згадку пра нядобрую спрэчку, прымірыць. Ад Ганны адразу пакіравала на Карчоў ганак; ступіўшы ў Глушакову палавіну, знарок ветліва, зычліва дала "добры вечар" і, калі ёй адказалі, прыязна, як бы нічога i не было нядобрага, завяла: