Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 18

Іван Мележ

Як ірвалася, хапала паветра гарачым, агністым роцікам, як пакутавала бедная дачушка! Як дужалася з зацятай хваробай маленькае, такое кволае, згаладалае, аслабелае цельца! Вось-вось — нямела ад страху Ганна — не вытрывае, здасца, сціхне без сілы, — малая ўсё кідалася, усё хапала паветра, змагалася за жыццё.

Як у страшным трызненні была тая ноч. І духата звечара, i налёты халоднага ветру сярод ночы, i бляск маланак, i грымоты, i дождж, шумлівы, халодны, — усё гэта было нібы тым жа трызненнем, усё спляталася з надзеямі i адчаем той бясконцай ночы.

Верачка перажыла ноч. З хвіліны на хвіліну павінна было паказацца сонца. Балота, лес, свет цэлы чакаў, калі яно выблісне, заззяе. У чаканні гэтага хараства штосьці новае, абнадзейлівае зацяплела ў душы Ганны.

Яўхім устаў, ускінуў аброці на плячо i пацёгся па коней. Значыцца, хутка — у дарогу, дзе Вераччына збавенне. Можа, гэты дзень будзе шчаслівы — дай Бог, каб ён быў шчаслівы!.. Ганна ўжо намерылася сабраць што трэба ў дарогу, калі Верачка трудна захрыпела. Напружылася — як бы хацела ўзняць галоўку. Аж выгнулася ўся. Раз, другі i — сціхла.

Ганна глядзела на яе няцямна, не разумела, не верыла. Малая не дыхала. У Ганны самой сцяло дыханне, сама на нейкі час перастала дыхаць, адно глядзела, глядзела — дачушка хоць бы варухнулася! Увачавідкі з кволага тварыка стала хутка спадаць чырвань. Лобік, шчочкі, насок хутка бялелі.

— Верач!.. — застраў у горле жахлівы крык.

Дзіўна паслабелымі рукамі схапіла, прытуліла яе, яшчэ цёплую, яшчэ нібы жывую, прытуліла да сябе, як бы хацела аддаць ёй сваю цеплыню, утрымаць жыццё.

— Верачко! Дзіц-цятачко!.. Донечко мая!.. Не трэба! Не трэба! — шаптала-стагнала, мапіла, чуючы адно: Верачка халаднее.

Не ўбачыла, як узышло сонца, як усё зазіхацела тысячамі зорак-расінак. Не пачула, як пад’ехалі калёсы, не зразумела, чаму Яўхім сказаў:

— Ну от, можно ехаць…

4

На могілкі за маленькай сасновай труной i дубовым крыжам, зробленымі Чарнушкам, ішло толькі некалькі чалавек: Чарнушкі i Глушакі. Людзям не было калі хаваць — усе былі ў лузе.

Ганна сядзела на возе, над незачыненай труной, як бы абдымала яе рукой. Галава яе была схілена, сонца паблісквала ў шаўкавістых валасах, пасма якіх, непрыбраная, звешвалася на лоб. Вочы яе, сухія, гарачыя, нязводна глядзелі на малую: Верачка, блізкая i недасяжная, ляжала сярод валошак, пакладзеных Сцяпанам. Друпя суткі не зводзіла Ганна вачэй з роднага тварыка, не верыла, не магла згадзіцца, што неўзабаве тварык гэты мусіць назаўсёды знікнуць.

Яна не заўважала, як калёсы ехалі да могілак, ківаліся ў няроўных каляінах. Заўважыла толькі, што Верачцы ляжаць стала нядобра — ківае яе, водзіць яе туды-сюды. У адным месцы калёсы, аб’язджаючы яму, вельмі нахіліліся, i ў Ганны аж пахаладзела ў грудзях, калі ўхапіла, падтрымала Верачку: каб трохі — упала б, пабілася б балюча дачушка!