Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 17

Іван Мележ

— Пляцеш немаведамо што! — Яўхім, недавольны, кінуў цыгарку, плюнуў.— Ужэ чорт знае чаго ўбіла ў голаву сабе! Загадзя ўжэ малое ў магілу кладзе!

— А вам i страху мало! Вам аб адном страх!.. — душачыся слязамі, напала яна зноў на Яўхіма. Не скончыла.

Глушак-стары перапыніў малітву, загадаў люта:

— Ціхо ты! Не бачыш — малюся!.. — Ён памаўчаў, прасіпеў разгублена: — Збіла саўсім, паганка! — Закрычаў: — Волі багато ўзяла!

— Aгe, "багато"! У вас возьмеш яе!..

— Як гаворыш са мной! — Глушак быў ужо, здавалася, гатоў кінуцца на яе з кулакамі.

Яна сказала зацята:

— Так, як i вы са мною.

Ён, можа б, i кінуўся, калі б за Ганну не ўступіўся Сцяпан. Гнеў старога Глушака пайшоў i ў другім кірунку: зноў гэты смаркач утыкае нос свой куды не трэба! У той жа момант Халімон учуяў нядобрае Яўхімава маўчанне: чорт яго ведае, што выкіне гэты, толькі крані яго жонку! А тут Халімоніха ўперлася ў Фудзі старога, начала вярзці штосьці супакойлівае, прымірэнчае. Глушак адно злосна ўпікнуў Яўхіма:

— Прывёў дабро ў хату! Прыдбаў роднаму бацьку!..

Усе перамаўчалі яму.

3

He далі Ганне пайсці з малой. Яўхім сілком адарваў ад калыскі, стаў на дарозе. Бачыла: не пусціць да дзіцяці, не дасць Верачкі. Зразу ж за ім Халімоніха насела на Ганну з угаворамі, з папрокамі: выдумала перціся сярод ночы ў такую далеч, цераз лясы, цераз балоты! То ж каб да Захарыхі-знахаркі дайсці, колькі папяцца трэба, а пра Загалле ці Юравічы i казаць няма чаго: ночы цэлай мала! І дужаму дзіцяці дарога такая — пакута, а як жа можна рызыкаваць хворанькай, якой i ў калысцы нядобра!..

Ганна ведала: старая гаворыць праўду. І ўсё ж не ўседзела б Ганна — страшна ісці ў дарогу, але яшчэ страшней сядзець вось так, склаўшы рукі, глядзець, як марнее, гіне на вачах малая. Там, у цёмнай, далёкай дарозе, хоць рызыка, затое ж недзе за ёй i надзея, палёгка Верачцы, ратунак. Не паглядзела б Ганна ні на што, панесла б беражліва дачушку да гэтай надзеі, каб Яўхім не заявіў, што, калі да ранку Верачцы не стане лепш, возьме коней i завязе сам хоць к Захарысе, хоць у Юравічы…

Усю ноч Ганна не счыняла вачэй над калыскай. Некалькі разоў давала Верачцы грудзей, але тая не брала. Ганна душыла страх, старалася не траціць спадзяванку, што вось-вось бяда пачне цішэць — перастане дачушка гарэць, кідацца, задыхацца. І баялася бяды, i не верыла ў яе, у жорсткасць, бязлітаснасць лесу, не хацела, не магла паверыць, што можа здарыцца страшнае, ад адной думкі пра якое ўсё халадзела ўсярэдзіне. Не чуючы ніадкуль падмогі, вымушаная сядзець, чакаць, што прысудзіць лес, увесь пал анямелай ад страху, з трывожнай i ўпартай надзеяй душы аддавала малітве: усё залежала ад Бога, ад Яго літасці, Яго чуласці. Калі малілася, думала пра Бога, цешыла сябе: Ён, усёмагутны, справядлівы, заступіцца, не дасць у крыўду. Не можа ж быць, каб Ён не зжаліўся, каб адабраў у яе самае дарагое, адзінае, што яна мае, чым толькі жыве!..

Якіх ласкавых слоў не нагаварыла яна малой у гэту на ўсё жыццё помную ноч! І бадзёрыла, i абнадзейвала, i абяцала: яшчэ трохі пацярпі, ужо небагата асталося, хутка будзе добра — прасіла, маліла, у роспачы хілілася над дачушкай, якая ўсё хрыпела, задыхалася. Зноў i зноў давала малой грудзей, усё не траціла надзеі, што возьме, пап’e, падужэе Верачка. Але дачушка не брала, не піла. Ніколі ў жыцці не было ў Ганны такога гора i такой любасці, такой прагі аддаць усю сябе другому, каб толькі яму хоць трохі палягчэла!