Читать «Лісце каштанаў» онлайн - страница 9
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. I тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.
- Ты ў левую, - праз зубы сказаў Дзмітрэнка.
...Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжнім пад'ездзе.
3 дзвярэй магазіна выбег дзядзька, падобны на «нябожчычкаў»-пекараў. Кінуўся да сівога, нешта загаварыў, зажэстыкуляваў.
- Выдасць зараз, - сказаў Жэнька. - Цікаемо, хлопцы.
I тут чалавек... паказаў рукою на праспект і павёў ёю направа. «Пекар» кінуўся туды, а дзядзька накіраваўся проста да нашага сховішча. Дыбаў, як жораў. Стаў, углядаючыся ў паўцемру:
- Гэй, шалапуты, вісусы, вылазь!
- А што мы? - забубнеў Багдан.
- Канчай, - сказаў Ролік, - мы, мы. Ясна, што мы.
I выйшаў на святло.
Сівы доўга разглядаў яго, нават узяў за патыліцу, закінуў галаву і паглядзеў у вочы. Потым пасварыўся пальцам і раптам... усміхнуўся:
- Ну што, наваявалі? Майно дзяржаўнае пабілі, бандзюкі. Закурыў:
- А ўвогуле нішто. Гэта ж столькі людзей хадзіла, і ніхто каменем па гэтай брыдзе не трахнуў... Толькі, хлопцы, гэта ўсё ж не метад: каменем. Словам трэба, дзеяннем дурасць біць. Маладыя вы, нецярплівыя. А можа, і... Ну, бяжыце сабе.
Мы пабеглі. I толькі калі ўскочылі ў руіны, зразумелі, што магло з намі здарыцца.
Так-сяк адсапліся.
- А ты... малайчына, - буркнуў Багдан.
- А я ж казаў, хлопцы, што рашучы, - загарэўся Жэнька. - Чаго б ён да нас на адхон лез? Маглі ж бы і карак натаўчы ўтрох. А камень як схапіў!..
- Камень я схапіў па дурасці. Гэта не работа. А ты з чаго так азвярэў, Раланд?
I пашкадаваў, што задаў пытанне. Вочы новага сябра, у першы і ў апошні раз, што я яго ведаў, чорныя, бліскучыя вочы былі каламутна-шызыя ад ярасці. Нібы плеўка засцілала іх, нібы дымка. Такая, якая бывае на чорным вінаградзе.
- Хлусню ненавіджу, - выціснуў ён. - Калі брэшуць - ненавіджу.
- А яшчэ чаго ты ненавідзіш? - іранічна спытаў Багдан.
- Несправядлівасць ненавіджу, - хлопца нібы крыху адпусціла, і нечакана ён усміхнуўся ранейшай добрай, белазубай усмешкай. - Хопіць ужо. Занадта хлеб добра пахнуў. I людзі ідуць і глядзяць. Не, хлопцы, гэта мы добра зрабілі. А і сапраўды, пад'есці б чаго.
- Съешьте эти тартинки, мистер Дмитренко, - сказаў Кульба. - И выпейте стакан этого доброго старого кларета. Это подкрепит ваши силы.
Мы зарагаталі.
- Кларэт - кларэтам, а падмацавацца б трэба, - сказаў Багдан.
- Стоп! - узняў руку Ролік. - У руіны, хлопцы.
Праз нейкую хвіліну мы сядзелі ў былым «двары» разнесенага ўдруз дома. Двор увесь зарос вялізнымі, у паўтара чалавечых роста лопухамі, якія даўно пайшлі ў ствол. На вяршынях ствалоў вожыкамі прымасціліся дзяды, якія так зручна ляпіць знаёмым у спіны, здаравенныя дзяды, зялёныя, з малінавымі шапачкамі.
Мы лупілі гэтыя ствалы з самага нізу, здзіралі з іх скуру і агалялі белую пругкую мякаць.
- Гэх, солі б, - уздыхнуў Жэнька. - Каб яшчэ соль, дык гэта ўвогуле было б поэзі. Наслаждзец суцэльны.
Ролік выцягнуў з-пад сто разоў мытай футболкі бруднаваты вузлік: