Читать «Лісце каштанаў» онлайн - страница 10
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
- Знойдзем і соль.
Праз хвіліну мы мачалі лопухавыя сцябліны ў буйную соль і апляталі так, што за вушамі пішчала.
- Эх, каб гэта яшчэ хлеба, - уздыхнуў Багдан.
- Распанеў, - пырснуў Жэнька, - а мо вашамосць з'ела б труфеляў з анчоўсамі?
- Ну вось, - сказаў урэшце Ролік. - А цяпер дэсерт. Той, што за гумном.
Вылезлі мы з руінаў толькі тады, калі напалову абдзерлі шаўковіцу, якая расла тут жа, у закутку між муроў, што зберагліся нейкім дзівам. Раты ў нас былі чорныя, але прынамсі хаця не так смактала ў жываце.
- Набарабаніліся, - залупіўшы футболку і ляскаючы сябе па загарэлым пузе, сказаў Ролік. - Ну, цяпер і ў дарогу можна. I ведаеце, якую мы яшчэ даброту атрымалі? Га?
- Нонкі няма! - з захапленнем гікнуў Жэнька.
- То ж бо! Як да камянёў, так іхняга племя з сабакамі не знойдзеш.
Мы падышлі да трамвайных рэек. Пасярэдзіне Крашчаціка была ачышчана вузкая палоска дарогі, амаль сцежка. I на рэйках стаяў куртаты трамвайчык, «запрэжаны» ў платформу. Платформа была загружана бітай цэглай, брыламі гэтай самай цэглы і ўламкамі бетону, з якога змеямі тырчала ржавая пакручаная арматура,
- Хлопцы, - сказаў Дзмітрэнка. - Як толькі зазвоніць - чапляйся. Чаго нам аж да плошчы Калініна пешшу тупаць.
...Трамвай крануў з месца. I паплылі, паплылі, паплылі перад намі віды, адзін жахлівей за другі.
Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, немыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым, разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер - мёртвыя шкілеты былога дабрабыту, радасці, любові да дзяцей.
Мы маўчалі. Нам было кепска, як ніколі.
- А кандзіцерскую на тым рагу памятаеш? - спытаў Жэнька. - Дзве трубачкі і вады з сіропам колькі хочаш: і апельсінавай, і яблычнай, і…
- Змоўч, - глухім голасам сказаў Ролік. - Тут жыць болей немагчыма. Не таму, што немагчыма, а... з сораму потым здохнеш, вось што. I калі сорам гэты ў нас яшчэ не зусім прапаў, то чым хутчэй мы задуманае зробім - тым лепей. Біць за гэта трэба, аж пакуль жоўцю рыгаць не пачнуць.
Памаўчаў.
- Наконт шаўковіцы. Трэба і яе набраць і насушыць у запас. На лопухах не выедзеш. У лаўры, ля падземнага хода, яе - гай! Дарослыя, так званыя, туды не лазяць. А мужыкоў нашага ўзросту там, відаць, чорт ма! На даху сушыць будзем.
- Нішто прыдумка, - буркнуў Багдан.
Платформа раптам спынілася, і не паспелі мы спахапіцца, як над яе краем з'явілася, нібы выплыла поўня, круглае чырвонае аблічча з рудымі запарожскімі вусамі.
- Т-та-ак, - сказала поўня. - А я вязу дый думаю - а хто гэта ў мяне, а што гэта за вераб'і на платформе цывікаюць? Аж гэта паны Ракфелеры надыбалі ўласны трамвай. Міла. Ну, і куды паедзем? На звалку, куды я гэты друз адводжу? Або проста ў КПЗ?
Мы злезлі з платформы і пачалі перамінацца з нагі на нагу.
- Гм. Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надыбалі трамвай, то куды везці?