Читать «Лісце каштанаў» онлайн - страница 7

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

- Чорта яе дагоніш, - прысаромлена сказаў ён. - Ляціць як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося.

...У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, «бычыная кроў», якой Мікола I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт «за мяцежны дух»: яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.

Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.

Дзверы - правал дзвярэй - і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.

- Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы, - сказаў Ролік. - Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню... Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.

I тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.

- Трамвай! - крыкнуў Жэнька. - Во пашанцавала!

Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.

Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.

Трамвай гайдала так, што трэба было здзіўляцца, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.

- Хто пячору выкапаў? - спытаў я.

Ролік хмыкнуў.

- А чаму мы пыталі, з якой ты вуліцы? - насмешліва спытаў Жэнька. - Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.

- Культурны, - сказаў я. - I часта ж яны вам у косткі даюць?

- Чаму? - прабасіў Багдан. - Мы часцей.

- Іх жа шмат. Столькі вуліц.

У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:

- Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двох бацькі з Кіева звезлі. Адзін у больніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Ваенны тэрмін: «роўныя сілы».

Трамвай набліжаўся да Крашчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа, ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з'явіліся, што горад, значыцца, ажывае.

- Слухайце, хлопцы, - сказаў раптам Жэнька, - ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад і, як пачнуць выходзіць, у штурханіне бяром пад руку. Скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем - тут ужо яна - наша.