Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 5

Светлана Александровна Алексиевич

— Хутчэй за ўсё гэта шкодніцтва. Нехта спецыяльна ўчыніў. Усе нашы хлопцы гэтак мяркуюць.

Тады гэтак гаварылі. Думалі.

На наступны дзень, калі я прыйшла, яны ўжо ляжалі паасобку, кожны ў сваёй палаце. Ім катэгарычна забаранялася выходзіць у калідор. Сустракацца адно з адным. Перастукваліся праз сцяну… Кропка — працяжнік, кропка — працяжнік… Урачы тлумачылі гэта тым, што кожны арганізм па-рознаму рэагуе на дозы абпраменьвання, і тое, што вытрывае адзін, іншаму не пад сілу… Там, дзе яны ляжалі, зашкальвалі нават сцены. Злева, справа і паверх пад імі… Там усіх выселілі, ніводнага хворага… Пад імі і над імі анікога…

Тры дні я жыла ў сваіх маскоўскіх знаёмцаў. Яны мне гаварылі: бяры каструлю, бяры міску, бяры ўсё, што трэба… Я варыла булён з індычкі, на шасцёра чалавек. Шасцёра нашых хлопцаў… Пажарнікаў… З адной змены… Яны ўсе дзяжурылі той ноччу: Вашчук, Кібянок, Ціцянок, Правік, Цішчура. У краме купіла ім усім зубную пасту, шчоткі, мыла. Нічога гэтага ў бальніцы не было. Маленькія ручнічкі купіла… Я здзіўляюся цяпер са сваіх знаёмых, яны, вядома, баяліся, не маглі не баяцца, ужо хадзілі ўсялякія чуткі, але ўсё адно самі мне прапаноўвалі: бяры ўсё, што трэба. Бяры! Як ён? Як яны ўсе? Яны будуць жыць? Жыць… (Маўчыць.) Напаткала тады шмат добрых людзей, я не ўсіх запомніла… Свет звузіўся да адной кропкі… Ушчыльніўся… Ён… Толькі ён… Памятаю пажылую санітарку, якая мяне вучыла: "Ёсць хваробы невылечныя. Трэба сядзець і гладзіць рукі".

Ранічкаю еду на рынак, адтуль да сваіх знаёмых, вару булён. Усё працерці, пакрышыць… Хтосьці прасіў: "Прывязі яблычак". З шасцю паўлітровымі слоічкамі… Заўсёды на шасцёх! У бальніцу… Сяджу да вечара. А ўвечары — зноў на другі канец горада. Наколькі б мяне гэтак хапіла? Але праз тры дні прапанавалі, што можна жыць у гасцініцы для медработнікаў, на тэрыторыі самой бальніцы. Божа, якое шчасце!!

— Але ж там няма кухні. Як я буду ім гатаваць?

— Вам ужо не трэба гатаваць. Іх страўнікі перастаюць успрымаць ежу.

Ён пачаў мяняцца — кожны дзень я сустракала іншага чалавека… Апёкі выходзілі напаверх… У роце, на языку, шчоках — спачатку з'явіліся маленькія болечкі, пасля яны разрасліся… Слаёчкамі злазіла слізістая… Плевачкамі белымі… Колер твару… Колер цела… Сіні… Чырвоны… Шэра-буры… А яно такое ўсё маё, такое любімае! Пра гэта не расказаць! Пра гэта не напісаць!

Я кахала яго! Я не ведала яшчэ, як яго кахала! Мы толькі пабраліся… Ідзём вуліцаю. Падхопіць мяне на рукі і закружыцца. I цалуе, цалуе. Людзі ідуць міма, і ўсе ўсміхаюцца…

Клініка вострай прамянёвай хваробы — чатырнаццаць дзён… За чатырнаццаць дзён чалавек памірае…

У гасцініцы ў першы ж дзень дазіметрысты мяне замервалі. Адзенне, сумка, кашалёк, туфлі — усё "палала". I ўсё гэта тут жа ў мяне забралі. Нават ніжнюю бялізну. Не ўзялі толькі грошы. Узамен выдалі бальнічны халат пяцьдзесят шостага памеру, а тапачкі сорак трэцяга. Адзенне, сказалі, можа, прывязём, а можа, і не, наўрад ці можна будзе яго "адчысціць". У такім выглядзе я і з'явілася перад ім. Спалохаўся: "Божачкі, што з табой?" А я ўсё-такі ўхітралася варыць булён. Ставіла кіпяцільнік у слоік… Туды кідала кавалачкі курыцы… Маленькія-маленькія… Пасля хтосьці аддаў мне сваю каструльку, здаецца, прыбіральшчыца ці дзяжурная гасцініцы. Нехта — дошчачку, на якой я крышыла свежую пятрушку. У бальнічным халаце сама я не магла выбрацца на рынак, нехта мне гэтае зяленіва прыносіў. Але ўсё марна, ён не мог нават піць… Праглынуць сырое яйка… А мне хацелася здабыць што-небудзь смачненькае! Быццам гэта магло памагчы. Дабегла да пошты: "Дзяўчаткі, — прашу, — мне трэба тэрмінова пазваніць маім бацькам у Івана-Франкоўск. У мяне тут памірае муж". Чамусьці яны адразу здагадаліся, адкуль я і хто мой муж, тут жа злучылі. Мой бацька, сястра і брат тым жа днём вылецелі да мяне ў Маскву. Яны прывезлі мае рэчы. Грошы.