Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 7
Светлана Александровна Алексиевич
Стул дваццаць пяць-трыццаць разоў за суткі. З крывёю і сліззю… Скура пачала трэскацца на руках, нагах… Усё пакрылася пухірамі… Калі ён паварочваў галаву, на падушцы заставаліся пасмачкі валасоў… Я спрабавала жартаваць: "Нават зручна. Не трэба грабеньчыка насіць". Хутка іх усіх падстрыглі. Яго я стрыгла сама. Я ўсё хацела яму рабіць сама. Калі б я магла вытрываць фізічна, дык я усе дваццаць чатыры гадзіны не адыходзілася б ад яго. Мне кожнае хвіліны было шкада… I мінуткі тае было шкада… (Доўга маўчыць.) Прыехаў мой брат і спалохаўся: "Я цябе туды не пушчу!" А бацька кажа яму: "Такую хіба не пусціш? Ды яна ў акно ўлезе! Па пажарнай драбіне!"
Адлучылася… Вяртаюся — на століку ў яго апельсін… Вялікі, не жоўты, а ружовы. Усміхаецца: "Мяне пачаставалі. Вазьмі сабе". А медсястра праз плёначку махае, што няможна гэты апельсін есці. Калі ўжо ля яго нейкі час паляжаў, яго не толькі есці — дакранацца да яго страшна. "Ну, з'еш, — просіць. — Ты ж любіш апельсіны". Я бяру апельсін у рукі. А ён у гэты час заплюшчвае вочы і засынае. Яму ўвесь час давалі ўколы, каб ён спаў. Наркотыкі. Медсястра глядзіць на мяне са страхам… А я? Я гатовая ўсё зрабіць, каб толькі ён не думаў аб смерці… I аб тым, што хвароба ягоная жахлівая, што я яго баюся… Урывак нейкай гаворкі… У мяне ў памяці… Хтосьці ўпрошвае: "Вы павінны не забываць: перад вамі ўжо не муж, не любімы чалавек, а радыеактыўны аб'ект з высокай шчыльнасцю заражэння. Вы ж не самазабойца. Вазьміце сябе ў рукі". А я як ненармальная: "Я яго кахаю! Я яго кахаю!" Ён спаў, я шаптала: "Я цябе кахаю!" Ішла бальнічным дваром: "Я цябе кахаю!" Несла судна: "Я цябе кахаю!" Успамінала, як мы з ім раней жылі… У нашым інтэрнаце… Ён засынаў уначы толькі тады, як возьме мяне за руку. У яго была такая звычка: у сне трымаць мяне за руку… Усю ноч…