Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 3
Светлана Александровна Алексиевич
А дзесятай раніцы памёр аператар Шышанок… Ён памёр першым… У першы дзень… Мы даведаліся, што пад руінамі застаўся другі — Валера Хадзямчук. Яго так і не дасталі. Забетанавалі. Але мы яшчэ не ведалі, што ўсе яны — першыя…
Пытаюся: "Васечка, што рабіць?" — "Едзь адсюль! Едзь! У цябе будзе дзіця". А я цяжарная. Толькі ж як я пакіну яго? Просіць: "Едзь! Ратуй дзіця!" — "Спачатку я павінна прынесці табе малака, а пасля вырашым".
Прыбягае мая сяброўка Таня Кібянок… Яе муж у гэтай самай палаце… З ёй ейны бацька, ён на машыне. Мы сядаем і едзем у бліжэйшую вёску па малако. За кіламетры тры ад горада… Купляем шмат трохлітровых слоікаў з малаком… Шэсць — каб на ўсіх хапіла… Але ад малака іх страшэнна ванітавала… Увесь час абміралі, ім ставілі кропельніцы. Урачы чамусьці ўсё паўтаралі, што яны атруціліся газамі, ніхто не гаварыў пра радыяцыю. А горад запоўніўся ваеннай тэхнікай, перагарадзілі ўсе дарогі… Перасталі хадзіць электрычкі, цягнікі… Мылі вуліцы нейкім белым парашком… Я непакоілася, як жа мне заўтра ў вёску патрапіць, каб купіць яму сырадою? Ніхто не гаварыў пра радыяцыю… Толькі вайскоўцы хадзілі ў рэспіратарах… Гараджане неслі хлеб з крамаў, адкрытыя пакуначкі з булачкамі… Пірожныя ляжалі на латках…
Увечары ў бальніцу не прапусцілі… Мора людское вакол… Я стаяла насупраць ягонага акна, ён падышоў і штосьці мне крычаў. З такім адчаем! У натоўпе хтосьці пачуў: уначы іх павязуць у Маскву. Жонкі ўсе збіліся ў адну купку. Парашылі: паедзем з імі. Пусціце нас да нашых мужоў! Не маеце права! Біліся, драпаліся. Салдаты, ужо стаялі салдаты, нас адштурхоўвалі. Тады выйшаў урач і пацвердзіў, што яны паляцяць на самалёце ў Маскву, але нам трэба прынесці ім адзенне, — тое, у якім яны былі на станцыі, згарэла. Аўтобусы ўжо не хадзілі, і мы бегма праз увесь горад. Прыбеглі з сумкамі, а самалёт паляцеў ужо… Нас спецыяльна падманулі… Каб мы не галасілі, не плакалі…
Ноч… Па адзін бок вуліцы аўтобусы, сотні аўтобусаў (ужо рыхтавалі горад да эвакуацыі), а па другі бок — сотні пажарных машын. Прыгналі адусюль. Уся вуліца ў белай пене… Мы па ёй ідзём… Лаемся і плачам…
Па радыё аб'явілі, што, магчыма, горад эвакуіруюць на тры-пяць дзён, вазьміце з сабой цёплыя рэчы і спартыўныя касцюмы, будзеце жыць у лесе. У палатках. Людзі нават узрадаваліся: на прыроду! Сустрэнем там Першамай. Здорава! Гатавалі ў дарогу шашлыкі… Бралі з сабой гітары, магнітафоны… Плакалі толькі тыя, чые мужы пацярпелі.
Не памятаю дарогі… Нібыта прыйшла да памяці, калі ўбачыла ягоную маці: "Мама, Вася ў Маскве! Павезлі спецыяльным самалётам!" Але мы дасадзілі гарод. (А праз тыдзень вёску эвакуіруюць!) Хто ж ведаў? Хто тады гэта ведаў? Надвячоркам у мяне пачалася рвота. Я — на шостым месяцы цяжарнасці. Мне гэтак блага… Уначы сню, што ён мяне кліча. Пакуль ён быў жывы, клікаў мяне ў сне: "Люся! Люсечка!" А як памёр, ні разу не паклікаў. Ні разу… (Плача.) Падымаюся раніцою з думкаю, што паеду ў Маскву. Сама… "Куды ты, гэтакая?" — плача маці. Сабралі ў дарогу і бацьку. Ён зняў з ашчадкніжкі грошы, што былі ў іх. Усе грошы…