Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 13

Светлана Александровна Алексиевич

Пачалася новая гісторыя пачуццяў…

— Але чалавек і падзея не заўсёды суадносныя? Часцей за ўсё не суадносныя…

— Я шукала чалавека ўражанага. Які адчуў сябе адзін на адзін з гэтым. Які задумаўся.

Тры гады ездзіла і распытвала: работнікаў станцыі, вучоных, былых партыйных чыноўнікаў, медыкаў, салдатаў, перасяленцаў, самасёлаў… Людзі розных прафесіяў, лёсаў, пакаленняў і тэмпераментаў. Веруючыя і атэісты. Сяляне і інтэлектуалы. Чарнобыль — асноўны змест іх свету. Усё ўнутры і навакол атручана ім, а не толькі зямля і вада. Увесь іх час.

Падзея, распаведаная адным чалавекам, — ягоны лёс, многімі — ужо гісторыя. Гэта самае цяжкае: сумясціць дзве праўды — асабістую і агульную. А сённяшні чалавек на разломе эпох…

Сышліся дзве катастрофы: сацыяльная — на нашых вачах знікае пад вадой велізарны сацыялістычны мацярык, і касмічная — Чарнобыль. Два глабальныя выбухі. I першы — бліжэйшы, больш зразумелы. Людзі заклапочаныя днём і бытам: за што купіць, куды паехаць? У што верыць? Пад якія сцягі зноў стаць? Гэта перажываюць усе і кожны. А пра Чарнобыль хацелі б забыць. Па першым часе спадзяваліся яго адолець, але, зразумеўшы марнасць спроб, замоўклі. Цяжка абараніцца ад таго, чаго мы не ведаем. Чаго чалавецтва не ведае. Чарнобыль перамясціў нас з аднаго часу ў другі.

Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх…

Але пра што б чалавек ні гаварыў, ён заадно выяўляе і сябе. Што мы за людзі?

Наша гісторыя — гэта гісторыя пакутаў. Пакуты — наша прыстанішча… Наш культ. Мы загіпнатызаваныя імі. Але мне хацелася спытацца і пра іншае — пра сэнс чалавечага жыцця, нашага існавання на зямлі.

Ездзіла, размаўляла, запісвала. Гэтыя людзі першымі… убачылі тое, пра што мы толькі здагадваемся. Што для ўсіх — яшчэ тайна. Але пра гэта яны самі раскажуць…

Неаднойчы мне здавалася, што я запісваю прышласць…

Раздзел першы. Зямля мёртвых

Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць

"Вы ўзяліся пра гэта пісаць? Пра гэта! А я не хацеў бы, каб пра мяне гэта ведалі… Што я там зведаў… З аднаго боку, ёсць жаданне адкрыцца, выгаварыцца, а з другога — адчуваю, як я распранаюся, а мне б гэтага не хацелася…

Памятаеце, у Талстога? П'ер Бязухаў гэтакі ашаломлены пасля вайны, што яму здаецца — ён і ўвесь свет змяніліся назаўсёды. Але мінае нейкі час, і ён кажа сабе: "Гэтак жа буду сварыцца на фурмана, гэтак жа буду бурчэць". Навошта тады людзі ўспамінаюць? Каб аднавіць ісціну? Справядлівасць? Вызваліцца і забыць? Разумеюць, што яны — удзельнікі грандыёзнай падзеі? Ці шукаюць у мінулым абароны? I гэта пры тым, што ўспаміны — крохкая рэч, эфемерная, гэта не дакладныя веды, а здагадка чалавека пра самога сябе. Гэта яшчэ не веды, гэта толькі пачуцці.

Маё пачуццё… Я пакутваў, корпаўся ў памяці і прыгадаў…

Самае страшнае са мной было ў дзяцінстве… Гэта — вайна…

Памятаю, як мы, хлапчукі, гулялі ў "таты і мамы": распраналі малых і клалі іх адно на аднаго… Гэта былі першыя дзеці, што нарадзіліся пасля вайны… Уся вёска ведала, якія словы яны ўжо гавораць, калі пачалі хадзіць, таму што за вайну на дзяцей забыліся. Мы чакалі з'яўлення жыцця. "У таты і мамы" — гэтак называлася наша гульня. Мы хацелі ўбачыць з'яўленне жыцця… А нам самім было па восем-дзесяць гадоў…