Читать «Чарнобыльская малітва» онлайн - страница 11
Светлана Александровна Алексиевич
У мяне ніякага жадання да жыцця не было. Уначы стаю ля акна, гляджу на неба: "Васечка, што мне рабіць? Я не хачу без цябе жыць". Удзень іду міма дзіцячага садка, прыпынюся і стаю… Глядзела б ды глядзела на дзяцей… Я вар'яцела! I пачала па начах прасіць: "Васечка, я нараджу дзіцятка. Я ўжо баюся быць адной. Не вытрываю болей, Васечка!!" А другім разам гэтак папрашу: "Васечка, мне не трэба мужчыны. Лепшага за цябе для мяне няма. Я хачу дзіцятка".
Мне было дваццаць пяць гадоў…
Я знайшла мужчыну… Я ўсё яму адкрыла. Усю праўду. Мы сустракаліся, але я ніколі яго да сябе ў хату не клікала. У хату не магла. Там — Вася…
Рабіла я кандытарам… Ляплю торт, а слёзы коцяцца… Я не плачу, а слёзы коцяцца… Адзінае, аб чым дзяўчатак прасіла: "Не шкадуйце мяне. Будзеце шкадаваць, я сыду". Я хацела быць, як усе…
Прынеслі мне Васеў ордэн… Чырвонага колеру… Я глядзець на яго доўга не магла… Слёзы коцяцца…
… Нарадзіла хлопчыка. Цяпер у мяне ёсць хтосьці, кім я дыхаю і жыву. Ён усё-ўсё разумее: "Мамачка, калі я паеду да бабулі на два дні, ты дыхаць зможаш?" Не змагу! Баюся на дзянёк з ім разлучыцца. Мы ішлі па вуліцы… I я, адчуваю, валюся… Тады мяне разбіў інсульт… Там, на вуліцы… "Мамачка, табе вадзічкі даць?" — "Не, ты стой ля мяне. Нікуды не адыходзься". I ўхапіла яго за руку. Далей не памятаю… расплюшчыла вочы ў бальніцы… Але гэтак яго ўхапіла, што ўрачы ледзь расціснулі мае пальцы. У яго рука доўга была сіняя. Цяпер выходзім з дому: "Мамачка, толькі не хапай мяне за руку. Я нікуды ад цябе не пайду". Ён таксама хварэе: два тыдні ў школе, два дома з урачом. Вось гэтак і жывём. Баімся адно за аднаго. А ў кожным куточку Вася. Яго фатаграфіі… Начамі з ім размаўляю і размаўляю…
Жывуць побач са мной усе станцыйнікі, як мы кажам, вахтавікі. Усё жыццё на атамнай станцыі прарабілі. Дагэтуль ездзяць туды на вахту. У многіх цяжкія захворванні, інваліднасці, але станцыю не кідаюць. Дзе і каму сёння яны патрэбныя? Шмат памірае. Раптоўна. Сядзеў на лавачцы — і зваліўся. Выйшаў, чакаў аўтобуса — і як падкошаны. Яны паміраюць, але іх ніхто па-сапраўднаму не распытаў. Аб тым, што мы перажылі… Аб смерці людзей не хочуць слухаць. Аб страшным…