Читать «Творы» онлайн - страница 13

Франтишек Богушевич

Здарэнне

Ехаў я раз ад Кіяны Ды ў Смургоні, і не п'яны, І даехаў на Ваўкелы, А конь добры быў — мой белы. Тыц! стаў конь, наравіцца! І храпець і дыба стаў, Што не можна прыступіцца, Чуць аглоблі не зламаў. Гляджу: бочка ля дарогі. Чыста ж бочка, толькі рогі Як бы трохі відаць збоку. Думка: вёз хтось, ды здалёку. Як прыстала, дык, скаціўшы, Сам начуе гдзесь у вёсцы. Або, можа, быў падпіўшы, Страціў бочку пры дарожцы! А што ў бочцы? хто там ведаў? Можа, брага, можа, водка!.. А я ж той дзень не абедаў, — Вот каб, думаю, сялёдка?! Або каб алей Бог даў бы, Ўжо ж не сцярпеў бы, украў бы! Ото ж, думаю, закрашу! Надта я люблю з ім кашу. Падышоў да бочкі, зрухаў, Калі адаткнуў, панюхаў, Аж з радасці страпянуўся, На ўсе бокі аглянуўся! Ну, свяжусенькім алеем Смак пачуў на губе, носе!.. Хоць не быў яшчэ зладзеем, Але ж тут дык давялося. Так ужо я чагось рад, Падвярнуў свой панарад, За уторы падняў бочку, Абпёр яе на лучочку… А конь смык — падаўся ўперад. А бадай табе тут верад! Падкаціў я бочку зноў І якраз ужо навёў, А конь смык, — назад, ды тоўк! А бадай цябе тут воўк! Я ізноў давай каці… Здумаў — лепей распрагці. Ўзяў каня, як след распрог, Зірк — аж конь мой і без ног. Конь не конь, а зыдлам стаў; Я спалохаўсь, пражагнаў… Дык зноў конь і сам запрогся, Я спалохаўся і змогся, Скінуў опратку, перажагнаўся, Зноў-тыкі за бочку ўзяўся. А так цёмна — хоць коль вочка. Калі гляну: то ж не бочка, А каза стаіць з рагамі! Хвост, бародка і з нагамі… Аж тут пятух калі крыкне, Каза ў лужу калі скікне, Калі ў лесе зарагоча, Конь дахаты калі скоча… Вот тут я і дагадаўся, Каму ў рукі-то папаўся. Давай казаць: «Анёл паньскі, Згінь, прападні, дух шатаньскі!» І цяпер, як хто смяецца, — Мне усё каза здаецца. З таго часу да алею Я не мог душу прымусіць, Адвярнула, дабрадзею, Так-то чорт нас, грэшных, кусіць! Каб не крыж, — прапаў бы, мусіць?!