Читать «Аліса ў Цудакуце» онлайн - страница 40
Льюис Кэрролл
- Ты што-небудзь ведаеш, аб дадзенай справе?- запытаўся Кароль у Алісы.
- Ані,- адказала дзяўчынка.
- Анічога ЎВОГУЛЕ?- настойліва спытаўся Кароль.
- Так, увогуле нічога,- паведаміла Аліса.
- Гэта вельмі важна,- сказаў Кароль, звяртаючыся да прысяжных. Яны адразу пачалі запісваць гэта на сваіх дошках, але тут уклініўся Белы Трус:
- Ваша Вялікасць, мае на ўвазе Няважна?- шляхетна сказаў ён, але пры гэтым хмурнеў і падаваў Каралю нейкія знакі вачыма.
- Сапраўды! Я гэта і меў на ўвазе,- імгненна паправіўся Кароль, а потым працягнуў нібы сам сабе.- Важна-няважна, няважна-важна.- нібы спрабуючы, якое з гэтых словаў гучыць лепей.
Тады частка прысяжных напісала на сваіх дошках “важна”, а іншыя “няважна”. Аліса ўбачыла гэта, бо была дастаткова блізенька, каб заўважыць, што яны пішуць.
- Тут няма аніякага сэнсу,- вырашыла яна.
У гэты момант Кароль, які на працягу якога часу штосьці старанна запісваў у свой блакнот, усклікнуў:
- Цішыня!- і прачытаў у голас.- Правіла нумар сорак два: “ГРАМАДЗЯНЕ, ШТО МАЮЦЬ БОЛЬШ ЗА ПАЎТАРЫ КІЛАМЕТРЫ РОСТУ, ПАВІННЫ ПАКІНУЦЬ ЗАЛУ СУДА!”
Тут усе, як адзін паглядзелі на Алісу.
- МОЙ рост не паўтары кіламетры,- пакрыўдзілася яна.
- Няўжо?!- сказаў Кароль.
- Не менш за тры кіламетры!- заўважыла Каралева.
- Нікуды я не пайду,- адказала дзяўчынка.- тым больш, гэта не сапраўднае правіла, вы яго толькі што выдумалі.
- Ты памыляешся, гэта самае старое правіла ў маім блакноце,- адказаў Кароль.
- Тады яно павінна быць Нумарам Першым,- заўважыла Аліса.
Кароль узбляднеў і хутка закрыў блакнот.
- Які ваш вярдзікт?- спытаўся ён у журы ціхім дрыжачым голасам.
- Яшчэ хвілінку, Ваша Вялікасць, толькі што было атрымана ячшэ адно сведчанне,- сказаў Белы Трус, падпрыгваючы ад мітусення,- гэта ліст, які мы знайшлі хвіліну таму!
- І што там?- спыталася Каралева.
- Я пакуль не чытаў,- адказаў Трус,- але падазраю, што яго аўтар – наш арыштаваны, які адрэсаваў яго... камусьці.
- Зразумела камусьці,- заўважыў Кароль,- было б неверагодна, каб яно было адрэсавана анікому.
- А каму яно было накіравана?- спытаўся хтосьці з прысяжных.
- Яно не было адпраўлена,- адказаў Трус,- і звонку анічога не было напісана.- Тым часам ён раскрыў ліст і дадаў.- Гэта нават не ліст, гэта вершы!
- Почырк абвінавачанага?- працягвалі з лаўкі прысяжных.
- Не,- заўважыў Трус,- і гэта даволі дзіўна. (Прысяжныя ў разгубленасці азірнуліся адзін на аднаго.)
- Ён папросту змяніў почырк,- сказаў Кароль. (Прысяжныя зноў супакоіліся.)
- Калі ласка, Ваша Вялікасць,- заўважыў Валет.- Я анічога не пісаў і ніхто не дакажа адваротнае. Тут нават няма майго подпісу напрыканцы.
- Калі няма подпісу,- адказаў Кароль,- гэта толькі ўскладняе справу. Калі б ты не ЗАДУМВАЎ шкоды, ты б падпісаўся, як усе шляхетныя асобы.
Зала пачала апладзіраваць - гэта была першая разумная рэч, якую Кароль сёння сказаў.
- Гэта ДОКАЗ яго віны,- казала Каралева.