Читать «Аліса ў Цудакуце» онлайн - страница 39
Льюис Кэрролл
- Ну, я тады пайду дап’ю гарбату,- заўважыў Капялюшнік, працягваючы баязліва глядзець у бок Каралевы, якая ўважліва вывучала спіс выканаўцаў.
- Бяжы, хлопец!- сказаў Кароль, і Капялюшнік імгненна выканаў яго загад, нават не спыніўшыся, каб надзець чаравікі.
-... і адсячыце яму там з вонку галаву,- дадала Каралева салдатам, але Капялюшнік знік з поля зроку раней, чым салдаты дайшлі да дзвярэй.
- Клічце наступнага сведку,- крыкнуў Кароль.
Наступнаю была герцагініна Кухарка, якая ў адной руцэ працягвала трымаць вялізную перачніцу. І Аліса здагадалася аб яе прысутнасці яшчэ да таго, як тая ўвайшла ў залу, бо ўсе пачалі моцна чхаць.
- Сведчы!- загадаў Кароль.
- Не буду!- заявіла Кухарка.
Кароль баязліва паглядзеў на Белага Труса, які на вуха яму ціхінька прамовіў:
- Ваша Вялікасць, трэба правесці са сведкам перахросны допыт.
- Так, ну трэба дык трэба,- сказаў Кароль з маркотай у голасе, пасля скрыжаваў рукі і хмурна гледзячы Кухарцы ў вочы, жахлівым голасам прамовіў.- З чаго робяць ватрушкі?
- Па большасці з перцу,- адказала Кухарка.
- З патакі,- пачуўся нейкі сонны голас паблізу.
- Схапіць гэтую Соню!- завішчала Каралева.- Катаваць яе! Выкінуць яе вонкі! Пад прыгнёт яе! Заказытайце яе! Абарвіце ёй вусы!
На працягу колькіх хвілінаў суд быў узрушаны, таму што ўсе яго ўдзельнікі лавілі Соню. Калі ж яны супакоіліся, Кухарка ўжо адышла.
- Не бярыце ў галаву!- супакоіў усіх Кароль, сам з палёкай прыняўшы Кухаркіна знікненне.- Клічце наступнага сведку!- і паўшэптам дадаў Каралеве,- Можа ты, даражэнькая правядзеш перахросны допыт з наступным сведкам. А мне ўжо моташна!
Аліса назірала, як Белы Трус шукае па спісу, паміраючы ад зацікаўленасці, хто ж будзе наступным сведкам, і ці знойдуць яны хаця б адно разумнае сведчанне. І ўявіце яе здзіўленне, калі Белы Трус пранізліва вымавіў:
- Аліса!
Глава XII
Аліса - сведка
- Тут!- крыкнула Аліса, якая ў мітусне забылася, наколькі яна вырасла за апошні час і ўскочыла настолькі шпарка, што перакуліла краем сваёй спадніцы лаўку з прысяжнымі, якія адразу ж пападалі на галовы ніжэй седзячых, і крыху нагадвалі тых рыбак з акварыуму, які Аліса перакуліла на мінулым тыдні.
- Людцы!.. Прабачце, калі ласка!- усклікнула яна ў моцным непакоі і прынялася збіраць іх і саджаць на месцы, як мага хучшэй, нібы яны ў самрэч акварыумныя рыбкі, і іх трэба тэрмінова вярнуць на месцы, каб уратаваць ім жыццё.
- Суд не павінен працягвацца,- даволі сур’ёзным голасам сказаў Кароль,- пакуль усе прысяжныя не зоймуць свае месцы... УСЕ!- паўтарыў ён і строга паглядзеў на Алісу.
Аліса зірнула на лаўку, дзе сядзелі прысяжныя, і ўбачыла, да чаго давяла яе мітусня. У запарцы яна пасадзіла яшчарку Біла да гары нагамі, і небарака застаўся ў гэтай позе і толькі маркотна махаў сваім доўгім хвастом, тым больш, што рухаць яшчэ чым-небудзь магчымасці ў яго не было. Аліса паспяшалася вярнуць яго ў звычайны стан:
- Не тое, каб дзеля мяне гэта мела нейкі сэнс,- сказала яна сабе,- але я думаю, гэта мае сэнс дзеля суда.
Як толькі прысяжныя крышачку адчунялі і знайшлі свае дошкі і крэйды, яны зноў прыняліся за сваю працу, каб апісаць здарэнне. Адзін толькі небарака Біл, анічога не рабіў, а толькі сядзеў з разяўленым ротам і лупаў вачыма, гледзячы ўгору.