Читать «Яна і я» онлайн - страница 4

Янка Купала

8. Ворка

Саха мая зусім ужо гатова, - Зрабіў к ей новенькую плаху. Нарогі павывострываў нанова, Даў на паліцу тоўсту бляху. Вось толькі коніка ў яе упрэгчы. Махнуці пугаю нягрозна. У загоне на рагач крывы налегчы. - Барозна пойдзе за барознай. Сняданне з'елі з ёю удваечку. Каб сыта - трудна пахваліцца Хлеб падзялілі разам па кусочку, Сцюдзёнай запілі вадзіцай. Пайшоў з сахой, пусціў нарогі ў гоні. Нагамі толькі конік мой цярэбе, І сцелецца загончык пры загоне, Аж сонца цешыцца на небе. Вам, людзі, што сваёй рукою белай Зямлі не кратаеце сэрца, Не дагадацца цераз век свой цэлы, Як сэрца чалавека б'ецца. Таго, які ўвосень ці вясною Зямлі сахой чапае грудзі Або зярно хавае бараною, Каб вырасла для вас жа, людзі. У важны час заворкаў ці засеўкаў Імша абходзіцца святая, Душа сяўца лунаецца, як дрэўка, Якому вецер ліст зрывае. Арыце, сейце, людзі, хто што можа, Старым ці новым абычаем! А вашу працу доля упрыгожа Шчаслівым, буйным ураджаем.

9. Беліць палатно

Чачоткавы зрабіў ей пранік ёмкі, З аздобамі і ручкай гладкай, І палатно панёс з ёй да пагонкі, Дзе сажалка была і кладка. Усю трубу укінулі ў вадзіцу; Яна, свой скінуўшы каптанік, Кашулю падкасаўшы і спадніцу, Ўзышла на кладку, ўзяўшы пранік. І пярыць стала мокра палаценца, Складаючы на кладцы ў складкі, На ножкі пырснула і на каленцы Вадзіца, як раса на градкі. Распырсківаліся, як іскры, пырскі, Мігцелі ўсюды мнагацветна. На гладзі воднай рысавалі крыскі І ніклі ў гладзі непрыметна. Бліскучыя агністыя праменні, Купаючыся ў сажалчыным версе, К маей галубцы ў медным уміленні Туліліся і грэлі персі. Так палаценца мілая бяліла Вадзіцай, пранікам на кладцы, Пасля сабе на плечы узваліла І слаць нясла на сенажатцы. Нясла. Вада па ёй цурком сцякала. І на аселіцы ля плота Тканіну мыту распускала. Цяперка сонца ўжо работа! Бяліся, наша палатно, бяліся, Як дзень, як месяц бледны, бела, Як бела малако ў глінянай місе, Як та саломінка паспела!

10. Сяўба

Ралля падсохла, мяккай стала воўнай, Ўжо час узяцца за сявалку, Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай, Як ад бацькоў наўчыўся змалку. Ад той, што ад зімы засталась, часткі, Штось кінуўшы на час нязбыты, Адмералі мы з ёй са дзве шаснасткі У мех, рукой яе пашыты. І выйшаў сеяць я. Яна стаяла Непадалек мяне, на ўзмежку; У высях сонца золатам зіяла, Ўнізу плыў вецер сваёй сцежкай. Пасыпаліся дробныя зярняты Ў раллю, як пацеркі янтарны, На наш загон, сахою узараны, На мой шнурок - палетак ярны. Яна, як ніцая бярозка тая, Стаяла, за сяўбой слядзіла, І як бы багародзіца святая - Здавалася мне - блаславіла. Лажыцеся ў раллю, зярняткі, спаткі, Накрыйцеся пасцілкай-скібкай, Пасля збудзіцесь, выгляньце з краваткі, Як воўна - густа, як дзень - шыбка! Расціце высака, расціце буйна, Як гэта пушча за дарогай! Маліцеся да бела бога чуйна І чорнага не гнеўце бога! Каб не паспалівалі вас спякоты, Дажджы каб вас не пазмывалі, Каб не пабілі грады і грымоты, Каб вам заломаў не ламалі!