Читать «Яна і я» онлайн - страница 2

Янка Купала

4. За кроснамі

За кросны ненагляднай сесці трэ было Ядваб-кужэль сівенькі ткаць, Але да гэтага прыладаў не было, - Прылады стаў я майстраваць. З бярозы вычасаў ставы ёй новыя, Набіліцы кляновыя зрабіў. А панажы выстругаваў кляновыя. Навой, як трэба, зарубіў. Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую, Стругаў чаўнок гладзей ад шкла. Купіў на рынку берда густа-частае. Ніты сама яна спляла. Садзіцца мае сэрца-ткаля ў кросенькі, Набіліцамі громка б'е, Кладуцца ўтоку гусценька палосанькі, Сучу я цэўкі для яе. Так шчыра з ёю ўзяліся дарэчы мы; Яна ўсе тчэ, а я сучу І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі, За белымі грудзьмі сачу. Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася; Маланкай гойсае чаўнок. О, каб хаця аснова ўжо не рвалася! Каб моцны й спорны быў уток! Няхай ад берда часта ўток калоціцца, Кладзе шырокі гладкі сцяг, А доўгі - як рака, што ў мора коціцца, Як між прысад гасцінец-шлях. Каб сцежка, коцячыся, палатняная, Дзе парастае дзівасіл, Дайшла ў старонку знаную-нязнаную, Туды, да бацькаўскіх магіл.

5. Выган у поле жывёлы

Спаўзлі з загонаў зімнія снягі І ў мора паплылі ракой-вадзіцай, Запелі жаўранкі. І чорныя лугі Ўсміхацца сталі першаю травіцай. У поле статак выганяць пара. Кароўку маем мы - завецца Аўтарыняй, Багацце кожнага гаспадара, Скарб і пацеха кожнай гаспадыні. «Мая» не выгнала яе за край Платоў, на пашу, дзе яна хадзіла, Пакуль таго, што вучыць абычай, Над ей сваей рукою не ўчыніла. Свянцоным хлебам, соллю і вадой Абнесла навакол яе тры разы, Паставіла да сонца галавой І загавор чыніла ад заразы. Ў крыніцы тры разы кусочак шкла Скупала і, перад вачмі кароўкі Трымаючы, шаптала, як змала, Такія мудры заклінання слоўкі: «Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет, І вы, на небе часценькія зоры, Вы ўсе, што кропіце расою цвет І асвятляеце сушу і моры, - Зямлю агрэйце, вырасцце траву, Не пашкадуйце есць і піць жывінам, Шаўковую сцяліце мураву, Абгарадзіце жалязяным тынам. Вартуйце, сцеражыце ад цара Ляснога, палявога, вадзянога, Ад царанят яго, ад упыра І ад людскога вока нелюдскога!»