Читать «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха» онлайн - страница 4

Проспер Мериме

- І ён забіў мядзведзя?

- Насмерць. На такія стрэлы здатныя толькі п'яныя. Але бываюць таксама і замоўленыя кулі, пане прафесар. У нас тут ёсць ведзьмакі, што прадаюць іх за адпаведную плату... Графіня была моцна падрапаная, беспрытомная і з паламанай нагой. Яе вынеслі, яна апрытомнела, але розум ужо быў пакінуў яе. Яе вазілі ў Санкт-Пецярбург. Сур'ёзная кансультацыя, чатыры лекары, абвешаныя ўсімі ордэнамі. Яны сказалі: «Пані графіня цяжарная, і, магчыма, роды стануцца прычынай спрыяльнага крызісу. Трэба яе трымаць на чыстым паветры, у вёсцы, даваць ёй піць сыроватку, кадэін... » Лекарам далі па сто рублёў кожнаму. Праз дзевяць месяцаў у графіні нарадзіўся здаровы хлопчык. А дзе ж спрыяльны крызіс? Ніякага крызісу, вар'яцтва толькі абвастрылася. Граф паказаў ёй дзіця. Гэта заўсёды робіць моцнае ўражанне... у раманах. «Забіце яго! Забіце звера!» закрычала яна і ледзь не кінулася, каб перагрызці яму горла. З таго часу тупое вар'яцтва чаргуецца ў яе з шалёнай маніяй. Моцная схільнасць да самагубства. Прыходзіцца прывязваць яе падчас прагулак. Каб за ёй даглядаць, наймаюць трох дужых кабецін. Аднак, пане прафесар, заўважце яшчэ і вось што: калі я ўжо страціў цярпенне, але так і не прымусіў яе слухацца, я знайшоў адзін сродак, каб яе супакоіць. Я пагражаю ёй абрэзаць валасы. Думаю, што некалі яны былі вельмі прыгожыя. Какетлівасць! Вось апошняе чалавечае пачуццё, якое ў яе засталося. Дзіўна? Але калі б я мог абыходзіцца з ёй як хачу, можа, я б яе і вылечыў.

- Як?

- А дубцом. Я вылечыў гэткім чынам сорак сялянак у вёсцы, дзе лютавала шалёнае рускае вар'яцтва, што завецца «кликушество»: спачатку пачынае выць адна баба, за ёй яе сяброўка, а праз тры дні вые ўся вёска. Добра іх адсцябаўшы, я выгнаў з іх хваробу. (Пакаштуйце рабкоў вельмі смачныя.) Але граф ніколі не дазваляў мне паспрабаваць.

- Як! Вы хацелі, каб ён згадзіўся на гэткае жахлівае лячэнне?

- О! Ён так мала ведае сваю маці, але гэта нават і добра. Але скажыце мне, пане прафесар, ці б вы калі паверылі, што можна звар'яцець ад жаху?

- Становішча графініна было страшнае... Быць у кіпцюрах такога лютага звера!

- А вось сын да яе не падобны. Менш чым год таму ён трапіў у такое самае становішча і, дзякуючы сваёй вытрымцы, выдатна выкруціўся.

- З кіпцюроў мядзведзя?

- Мядзведзіцы, і самай вялікай, якую толькі бачылі ў апошнія гады. Граф хацеў напасці на яе з рагацінай. Куды там! Адным ударам яна выбіла рагаціну, схапіла графа і кінула яго на зямлю так проста, як бы я зараз перакуліў гэтую бутэльку. А ён, хітрун, прыкінуўся мёртвым... Мядзведзіца яго абнюхала і, замест таго каб раздзерці, лізнула яго. Яму хапіла розуму не варухнуцца, і яна пайшла сваёй дарогай.