Читать «Карлік Нос» онлайн - страница 4

Вильгельм Гауф

Ён убачыў дзіўныя сны. Яму саснілася, быццам старая сцягвае з яго старое адзенне і ўхутвае ў скурку вавёркі. Цяпер ён мог скакаць і лазіць, як вавёрка: ён бавіў час з астатнімі вавёркамі і марскімі свінкамі – вельмі прыстойным, выхаваным народам, ён разам з імі служыў старой даме. Спачатку яго яму давяралі толькі чысціць абутак – ён павінен быў націраць алеем і шараваць да бляску какосавыя шкарлупіны, якія жанчына насіла замест пантофляў. Гэта давалася яму лёгка, бо і ў бацькоўскім доме ён часта такое рабіў. Яму снілася, што прыкладна праз год яму даручылі больш тонкі занятак: ён разам з яшчэ некалькімі вавёркамі павінен быў лавіць пылінкі з сонечных промняў і калі іх набіралася дастаткова, прасяваць праз вельмі густое валасяное сіта. Старая лічыла сонечныя пылінкі самай вытанчанай ежай, і ад таго, што яна не мела ўжо ніводнага зуба, ёй пяклі з іх хлеб. А яшчэ праз год ён быў пераведзены да слуг, якія збіралі пітную ваду для старой. Для гэтага не трэба было ўкопваць цыстэрну ці ставіць у двары бочку, каб збіраць туды дажджавую ваду – усё рабілася куды танчэй: вавёркі, а з імі і Якаб, мусілі шкарлупінамі лясных арэхаў чэрпаць расу з ружаў, і гэтую ваду старая піла. Піла яна шмат, і праца ваданосаў была вельмі цяжкою.

Праз год яго прызначылі на службу ў самім доме. Яго абавязкам было трымаць у чысціні падлогі; але ад таго, што яны былі са шкла, на якім быў бачны нават след ад дыхання, гэта была нялёгкая праца. Служкі мусілі падмятаць шчоткай і прымацоўваць да падэшваў старыя анучкі і на іх адмыслова рухацца па пакоі.

На чацверты год ён нарэшце быў пераведзены ў кухню. Гэта была ганаровая пасада, на якую можна было трапіць толькі пасля працяглых выпрабаванняў. Якаб там узняўся па службовай лесвіцы ад кухціка да майстра па паштэтах і дасягнуў такога адмысловага ўмельства і досведу ў справе гатавання, што сам дзівіўся. Самыя складаныя стравы, паштэты з двухсот розных складнікаў, супы з зеляніны, прыгатаваныя з усімі траўкамі зямлі, – ён усяму навучыўся, усё ён умеў рабіць хутка і ўпэўнена.

Так прайшло сем гадоў на службе ў старой жанчыны, і тут аднойчы яна, зняўшы з ног арэхавыя шкарлупіны і ўзяўшы ў рукі кошык і кульбу, каб кудысьці пайсці, загадала яму абскубсці кураня, нафаршыраваць яго травамі і, пакуль яна вернецца, прыгожа яго засмажыць, да рудавата-жоўтага колеру.

Ён выканаў усё па правілах кухарскага мастацтва: скруціў кураняці шыю, акуратненька абскуб з яго пер’е, абварыў яго, вышараваў скуру, каб яна зрабілася гладкай і прыгожай, і выпатрашыў. Пасля гэтага ён пачаў збіраць травы, каб фаршыраваць кураня. У кладоўцы для траваў ён заўважыў насценную шафку, якой ён дагэтуль ніколі не бачыў. Дзверкі яе былі прачыненыя. Ён з цікаўнасцю падышоў бліжэй, каб паглядзець, што там, і – о, дзіва! – там стаяла шмат кошычкаў, ад якіх плыў моцны прыемны пах. Ён адкрыў адзін з гэтых кошычкаў і знайшоў там траўкі асаблівай формы і колеру. Сцяблінкі і лісточкі былі светла-зялёныя, а наверсе сядзела маленькая кветачка, апушаная палаючай залацістай чырванню; у задуменні ён пачаў разглядаць яе, панюхаў, і ад яе пайшоў такі ж моцны пах, як калісьці ад супа, які яму прыгатавала старая. Але пах быў такі моцны, што ён пачаў чхаць, і чхаў усё мацней, мацней і... нарэшце прачнуўся.