Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 236
Михаил Афанасьевич Булгаков
Ну, а што здарылася з тымi? Злiтуйцеся! Нiчога з iмi не здарылася ды i здарыцца не магло, бо iх нiколi не было, як не было сiмпатычнага канферансье, i самога тэатра, i старое скупое Парахоўнiкавае цёткi, якая згнаiла валюту ў пограбе, i залатых труб не было, i нахабных кухараў. Усё гэта толькi снiлася Мiканору Iванавiчу пад уплывам нягоднiка Кароўева. Адзiны жывы чалавек, якi ўлез у гэты сон, менавiта i быў толькi Сава Патапавiч - артыст, i ўплёўся ён толькi таму, што засеў у памяцi ў Мiканора Iванавiча з-за таго, што часта выступаў па радыё. Гэты быў, а астатнiх не было.
Дык, магчыма, не было i Алаiзiя Магарыча? Э, не! Гэты не толькi быў, а нават i зараз iснуе, i якраз на той пасадзе, ад якое адмовiўся Рымскi, на пасадзе фiндырэктара Вар'етэ.
Алаiзiй апамятаўся пасля вiзiту да Воланда прыкладна праз суткi ў цягнiку дзесьцi пад Вяткаю, пераканаўся, што ў замарачэннi чамусьцi паехаў з Масквы без штаноў, але незразумела нашто, з украдзенаю дамавою кнiгаю забудоўшчыка. За вялiзныя грошы Алаiзiй купiў у праваднiка зашмальцаваныя штаны i з Вяткi пакiраваў назад. Але домiка забудоўшчыка ўжо не было. Старэнькае барахло злiзала агнём. Алаiзiй быў чалавек прадпрымальны. Праз два тыднi ён ужо жыў у цудоўным пакоi ў Брусавым завулку, а праз некалькi месяцаў сядзеў у кабiнеце Рымскага. I гэтак як раней Рымскi пакутаваў з-за Сцёпы, гэтак цяпер Варэнуха пакутуе з-за Алаiзiя i марыць Iван Савельевiч толькi пра адно, каб гэтага Алаiзiя прыбралi куды-небудзь з Вар'етэ, таму што, як шэпча часам Варэнуха ў iнтымнай кампанii, "гэтакае свалаты, як гэты Алаiзiй, ён быццам нiколi не сустракаў у жыццi i што быццам ад гэтага Алаiзiя можна чакаць усяго, чаго хочаш".
Магчыма, адмiнiстратар i не аб'ектыўны. Нiчога благога Алаiзiй не робiць, i наогул нiчога, хiба толькi што прызначыў на месца буфетчыка Сокава iншага. Андрэй Фокавiч памёр ад рака печанi ў клiнiцы Першага МДУ месяцаў праз дзевяць пасля з'яўлення Воланда ў Маскве...
Так прайшло некалькi гадоў, i забылiся праўдзiва апiсаныя ў гэтай кнiзе падзеi, патухлi ў памяцi. Але не ва ўсiх, не ва ўсiх!
Кожны год, як толькi настае пара вясновае святочнае поўнi, адвячоркам з'яўляецца пад лiпамi на Патрыярхавых сажалках чалавек гадоў трыццацi альбо трыццацi з гакам. Рыжаваты, зялёнавокi, сцiпла апрануты чалавек. Гэта супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi i фiласофii, прафесар Iван Мiкалаевiч Паныроў.