Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 237
Михаил Афанасьевич Булгаков
Пад лiпамi ён заўсёды сядае на тую самую лаўку, на якой сядзеў тады вечарам, калi даўно забыты ўсiмi Берлiёз апошнi раз у сваiм жыццi ўбачыў поўню, якая распалася на кавалкi.
Цяпер яна цэлая, звечара белая, а потым залатая, з цёмным каньком-дракончыкам на ёй, плыве над былым паэтам Iванам Мiкалаевiчам i адначасна стаiць на адным месцы ў вышынi.
Iвану Мiкалаевiчу ўсё вядома, ён ўсё ведае i разумее. Ён ведае, што ў маладосцi стаў ахвярай злачынных гiпнатызёраў, лячыўся пасля гэтага i вылечыўся. Але ведае ён таксама i сёе-тое, з чым саўладаць не можа. Не можа ён саўладаць з гэтаю вясноваю поўняю. Як толькi прыходзiць яе пара, як толькi пачынае расцi i налiвацца золатам свяцiла, якое калiсьцi вiсела вышэй за два пяцiсвеччы, робiцца Iван Мiкалаевiч неспакойным, нервуецца, апетыт губляе i сон, чакае, пакуль настане поўня. I калi яна сама поўная, нiшто не можа ўтрымаць Iвана Мiкалаевiча дома. Адвячоркам ён iдзе на Патрыярхавыя сажалкi.
На лаўцы Iван Мiкалаевiч ужо адкрыта размаўляе сам з сабою, палiць, глядзiць то на поўню, то на добра памятны яму турнiкет.
Гадзiну, а то i дзве сядзiць гэтак Iван Мiкалаевiч. Потым устае i заўсёды адным i тым маршрутам, праз Спiрыдонаўку, з пустымi невiдушчымi вачыма iдзе ў арбацкiя завулкi.
Ён праходзiць паўз нафтакрамку, заварочвае там, дзе пахiлены стары газавы лiхтар, падкрадаецца да рашоткi, за якою раскошны, яшчэ голы сад, а ў iм пафарбаваны поўняю з таго боку, дзе выступ з акном на тры рамы, i цёмны з другога боку - гатычны асабняк.
Прафесар не ведае, што цягне яго да рашоткi i хто жыве ў гэтым асабняку, але ведае, што працiвiцца пры поўнi не мае сэнсу. Акрамя таго, ён ведае, што ў садзе, за рашоткаю, ён убачыць адно i тое.
Ён убачыць на лаўцы пажылога i салiднага чалавека з бародкаю, у пенснэ i з крыху парасячым аблiччам. Iван Мiкалаевiч заўсёды застае гэтага жыхара асабняка, якi з выглядам летуценнiка таксама глядзiць на поўню. Iвану Мiкалаевiчу вядома, што, налюбаваўшыся поўняй, чалавек абавязкова перавядзе позiрк на вокны на другiм паверсе i будзе глядзець у чаканнi, што яны адчыняцца, i на падаконнiку з'явiцца нешта незвычайнае.
Усё, што будзе потым, Iван Мiкалаевiч ведае на памяць. Цяпер трэба лепей схавацца за рашоткаю, бо мужчына пачне круцiць галавою ў бакi, туманлiвым позiркам штосьцi шукаць у паветры, захоплена ўсмiхацца, а потым раптам усплясне рукамi ад нейкага салодкага суму, а потым даволi моцна будзе мармытаць:
- Венера!.. Венера! Ай, якi я дурань!..
- Божа! Божа! - пачынае шаптаць Iван Мiкалаевiч за рашоткаю i неадрыўна глядзiць на таямнiчага незнаёмца. - Вось яшчэ адна ахвяра поўнi... Так, гэта яшчэ адна ахвяра, гэтакая, як i я.
А мужчына будзе гаварыць далей:
- Ай я дурань! Чаму, чаму я не паляцеў з ёй? Чаго спалохаўся, стары асёл? Паперку выпiсаў! Цярпi, цярпi цяпер, стары ёлупень!