Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 234
Михаил Афанасьевич Булгаков
Праўда, крымiнальны вышук Ялты сцвярджаў, што бачыў босага Сцёпу i пасылаў наконт яго тэлеграмы ў Маскву, але нiводнай копii iх у справе знайсцi не ўдалося, з чаго зрабiлi сумны вывад, што гiпнатызёрская шайка валодае здольнасцю гiпнатызаваць на вялiзнай адлегласцi, i не толькi асобнага чалавека, а нават i цэлыя групы. З такiмi здольнасцямi злачынцы маглi давесцi да вар'яцтва нават людзей з сама трывалай псiхiчнай устойлiвасцю.
Што тут ўжо казаць пра гэтакiя дробязi, як калода карт у чужой кiшэнi ў партэры, знiклыя жаночыя сукенкi, берэт, якi мяўкае, i астатняе нешта падобнае. Гэта можа любы прафесiянал-гiпнатызёр сярэдняе сiлы i на любой сцэне, у тым лiку i няхiтры фокус з адрываннем галавы ў канферансье. Кот, якi ўмее гаварыць, - таксама глупства. Каб паказаць гэтакага ката людзям, варта ведаць асновы чэравагаварэння, а наўрад цi трэба сумнявацца, што прафесiйны ўзровень Кароўева значна вышэйшы за азы.
Сапраўды, справа тут не ў калодах з картамi, не ў фальшывых пiсьмах у партфелi ў Мiканора Iванавiча. Усё гэта дробязi. Гэта ён, Кароўеў, пагнаў пад трамвай Берлiёза на верную смерць. Гэта ён давёў да вар'яцтва няшчаснага паэта Iвана Бяздомнага, ён прымусiў яго трызнiць i пакутлiва снiць старажытны горад Ершалаiм i спаленую сонцам Лысую Гару з трыма пакаранымi на слупах. Гэта ён i яго шайка прымусiлi знiкнуць з Масквы Маргарыту Мiкалаеўну i яе хатнюю работнiцу, прыгажуню Наташу. Дарэчы, гэтай справай следства займалася вельмi ўважлiва. Трэба было высветлiць, цi гэтыя жанчыны былi ўкрадзены шайкай злачынцаў, цi ўцяклi добраахвотна разам з iмi. Грунтуючыся на бесталковых i блытаных паказаннях Мiкалая Iванавiча, маючы на ўвазе дзiўную запiску Маргарыты Мiкалаеўны, у якой яна пiша мужу, што iдзе ў ведзьмы, улiчваючы, што Наташа знiкла зусiм без адзення, следства зрабiла вывад, што гаспадыня i хатняя работнiца былi загiпнатызаваны, як i многiя iншыя, i ў такiм выглядзе выкрадзены шайкай. Узнiкла, вiдаць, i зусiм правiльная думка, што злачынцаў прывабiла прыгажосць абедзвюх жанчын.
Але вось што засталося для следства загадкаю - гэта прычына, якая прымусiла шайку ўкрасцi псiхiчна хворага, якi называў сябе майстрам, з бальнiцы. Гэтага высветлiць не ўдалося, гэтаксама як i прозвiшча хворага. Гэтак i застаўся ён пад мёртваю клiчкаю: "нумар сто васемнаццаты з першага корпуса".
Такiм чынам усё было растлумачана, i расследаванне наогул скончылася.
Прайшло некалькi гадоў, i грамадзяне пачалi забываць пра Воланда, пра Кароўева i астатнiх. Адбылiся многiя перамены ў жыццi тых, хто пацярпеў ад Воланда i яго памагатых, i якiя б нязначныя нi былi гэтыя перамены, але пра iх нельга не сказаць.
Напрыклад, Жорж Бенгальскi пасля трох месяцаў выйшаў з лякарнi, але службу ў Вар'етэ пакiнуў у сама гарачы час, калi публiка валам валiла па бiлеты, памяць пра чорную магiю i пра яе выкрыццё была жывучая. Кiнуў Бенгальскi Вар'етэ, бо разумеў, што выходзiць кожны вечар да дзвюх тысяч чалавек, якiя цябе пазнаюць i будуць здзекавацца, пытацца, як лепш яму: з галавой цi без галавы? - занадта пакутлiва.