Читать «Майстар i Маргарыта» онлайн - страница 233

Михаил Афанасьевич Булгаков

Ката развязалi i вярнулi гаспадынi, але ён паспеў хапiць гора: спазнаў на сваёй скуры, што такое памылка i паклёп.

Акрамя катоў, невялiкiя непрыемнасцi спасцiглi сяго-таго i з людзей. Адбылося некалькi арыштаў. У лiку iншых часова затрыманы былi ў Ленiнградзе грамадзяне Вольман i Вольпер, у Саратаве, Кiеве, Харкаве - трое Валодзiных, у Казанi - Волах, а ў Пензе, i зусiм невядома чаму, - кандыдат хiмiчных навук Ветчынкевiч. Праўда, вялiкага росту, вельмi смуглы брунет.

Папалiся таксама ў розных месцах, акрамя гэтага, дзевяць Каровiных, чатыры Кароўкiны i два Караваевы.

Нейкага грамадзянiна ссадзiлi,звязанага,з севастопальскага цягнiка на станцыi Белгарад. Грамадзянiн гэты задумаў пацешыць спадарожнiкаў картачнымi фокусамi.

У Яраслаўлi, якраз у абед, у рэстарацыю зайшоў грамадзянiн з прымусам у руцэ, якi ён толькi што забраў з рамонту. Абодва швейцары, як толькi ўгледзелi яго, кiнулiся ўцякаць, а следам за iмi ламанулi i ўсе наведвальнiкi рэстарацыi i служачыя. Пры гэтым у касiркi не зразумела якiм чынам знiкла ўся выручка.

Было яшчэ многа ўсякага, чаго i не запомнiш. Шмат у каго балелi галовы.

Яшчэ i яшчэ раз трэба аддаць належнае следству. Уся работа была зроблена не толькi дзеля таго, каб злавiць злачынцаў, але i дзеля таго, каб растлумачыць усё, што яны навытваралi. I ўсё было вытлумачана, i тлумачэнне гэтае нельга не прызнаць i талковым, i бясспрэчным.

Прадстаўнiкi следства i вопытныя псiхiятры вызначылi, што сябры злачыннае шайкi, магчыма, нават адзiн з iх (пераважна падазрэнне клалася на Кароўева) былi нечуванае сiлы гiпнатызёрамi, якiя могуць паказваць сябе не на тым месцы, дзе яны на самай справе знаходзяцца. Акрамя гэтага, яны маглi ўнушыць iншаму чалавеку, што нейкiя рэчы альбо людзi знаходзяцца на тым месцы, дзе iх на самай справе няма, i, наадварот, прыбiралi з поля зроку тыя рэчы i людзей, якiя на самай справе прысутнiчалi.

У святле гэтага тлумачэння адразу ўсё становiцца на свае месцы, нават найбольш хваляваўшая ўсiх таямнiчая недаступнасць ката, абстралянага ў кватэры No 50 у час спробы затрымаць яго.

Нiякага ката, вядома, на люстры не было, нiхто i не думаў адстрэльвацца, стралялi па пустым месцы, у той час як Кароўеў, якi ўнушыў, што кот дражнiцца з люстры, мог спакойна знаходзiцца ззаду за стралкамi i цешыцца сваёй вялiзнай, але злачынна выкарыстанай магчымасцю ўнушэння. Ён, вядома, разлiў бензiн i падпалiў кватэру.

Нi ў якую Ялту, вядома, Сцёпа Лiхадзееў не лятаў (гэтакае штукi не можа вытварыць нават i Кароўеў) i тэлеграм адтуль не адбiваў. Пасля таго як ён страцiў прытомнасць у ювелiршынай кватэры, спалоханы фокусам Кароўева, якi паказаў яму ката з марынаваным грыбком на вiдэльцы, ён праляжаў у ёй да таго часу, пакуль Кароўеў здзеклiва не насунуў на яго лямцавы капялюш i не адправiў на маскоўскi аэрадром з папярэднiм унушэннем, а загадзя ўнушыў i супрацоўнiкам крымiнальнага вышуку, што той вылазiць з севастопальскага аэраплана.