Читать «Ладдзя Роспачы» онлайн - страница 21

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

У гэты момант маленькі чалавечак, што хаваўся дагэтуль за спінамі другіх, рассунуў натоўп і, не звяртаючы ўвагі на старую, падышоў да Гервасія:

– Прабач, я не магу аддаць табе два свае гады.

Усмешка ў яго была вінаватая.

– Урэшце, – сказала Смерць. – Я яшчэ не зусім губляю на вас надзеі, людзі.

– Разумееш, – сказаў чалавечак, – мой горад паабяцалі выразаць стральцы. Да апошняга чалавека. Мы не маглі б пратрымацца больш чым да вечара, але я быў забіты раніцай, якраз на пачатку штурму. У мяне толькі адзін дзень жыцця. Магчыма, не варта было б і вяртацца, тым больш што ўсе мае загінулі, а вечарам ніхто ўжо не скажа мне па-свойму: “Здароў, Гальяш-медавар!” Але ж адзін гэты дзень я магу трымаць меч, шыбень ці нож. І мяне будзе мучыць думка, што я нібыта кінуў тых, і горад, і сваю зямлю, і мядоўню ля Перавесішча. Разумееш, ён быў прыгожы, горад, пакуль яны не прыйшлі. І нават пчала, у якой няма свайго слова, не шкадуе джала і жыцця, баронячы свепет. Мне сорамна, але... не пагрэбуй... вазьмі і дзве мае хвіліны, брат.

Выліваха маўчаў.

– Дзякуй за самы дарагі дар, – урэшце сказаў ён.

– Кінь, – сказала Смерць. – Што ты зробіш за іх?

– Вып’ю з ёю апошні кубак... Каб ты здохла і каб такія, як ён, не звяліся на нашай зямлі... Хадзем, людзі.

– А я?! – спытаў раптам поп.

– А ты заставайся ў сваім эдэме, хлус, – сказаў Палачанін.

– Не, – глуха сказаў поп. – Не... Не!

Людзі праходзілі паўз яго.

– Стойце, – сказаў Выліваха. – Грэх пакінуць тут жывую яшчэ душу. Ён дурань. Ён не будзе больш. Праўда ж, не будзеш?

– Не, – сказаў поп і агледзеўся. – Усё, што хочаце, толькі не гэта. Бедаваць, пісаць ерэтычныя вершы... Рабаваць багатых... каб потым крумкачы пілі твае вочы на коле... на Замкавай плошчы. Толькі вазьміце мяне з сабой.

– То што, – сказаў Гервасій. – Давайце зноў скідацца. Дальбог, нібы не апраметная, а карчма, калі ў прапойцаў ваўкі выюць у кішэні.

У цішыні, што легла пасля ягоных слоў, усе пачулі раптам глухія і цяжкія крокі па каменных плітах падлогі.

Перавозчык ішоў да апошніх дзвярэй.

Увесь абмяклы, увесь грузлы, ён ішоў... ішоў... ішоў і спыніўся толькі каля павуціння. Павярнуўся. Абвёў людзей сінімі вачыма.

– Не трэба, – сказаў ён. – Я дам. Я аддам. Бо я аднаго толькі прагну. Забыцця... Забыцця... Забыцця.

І ён прагна, са стогнам працягнуў рукі. Арахна кінулася ўніз і схапіла яго. У наступнае імгненне ён знік. Знік, быццам яго і не было. Пачуўся яшчэ толькі шолах, нібы вызвалены ўздых.

Смерць глядзела ў зямлю, хутаючы свае старыя косці.

– Да скорай сустрэчы, Выліваха, – урэшце сказала яна.

– Да скорай сустрэчы, – усміхнуўся ён і абняў плечы дзяўчыны.

...Праз некалькі хвілін вада выкінула іх на паверхню Святога возера, што непадалёк ад Рагачова. Мужык, які вёў паіць каня, раптам убачыў чатыры дзесяткі людзей, што купаліся ў поўнай вопратцы, і сярод іх аднаго папа, перажагнаўся, а потым узваліўся на каня і, ляпаючы яго чорнымі пяткамі, паскакаў так, нібы за ім гналіся падатныя начальнікі. Увечары ён бажыўся ў карчме, што рагачоўскія радцы зноў перапіліся і разам з духоўным айцом і ў поўным адзенні ці то асвяжаліся вадою, ці то хадзілі з брэднем.