Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 34

Эдит Несбит

Конрад карыстаўся любою нагодай, каб пахвалiць Шарлоту, Рудольфаву нарачоную. Увесь час ён малiў Рудольфа хутчэй ажанiцца з ёю. Хвалюючыся за брата, Конрад аднойчы адважыўся нават сказаць, што Шарлота падаецца яму нават прыгажэйшай i чароўнейшай за прынцэсу. Рудольф загадаў яму змоўкнуць. калi ён не хоча, каб яго пабiлi.

— Я нiчога не кажу, прынцэса вельмi прыгожая, — не здаваўся Конрад, — але яна бялявая, а ты заўсёды казаў, што табе падабаюцца толькi брунеткi. А якiя чароўныя валасы ў Шарлоты! Чорныя, як крылы ў крумкача! Калi ласка, паабяцай, што пабярэшся з Шарлотай гэтым месяцам.

— Як я магу? — адказаў Рудольф. — У мяне няма нi грошай, нi дома. Куды я прывяду жонку?

Конрад ведаў, што гэта не зусiм так. Хоць Рудольф i лiчыўся за весялуна i зуха, але трацiў ён няшмат, i сякiя-такiя грошы ў яго вялiся. А сам Конрад, хоць зарабляў не шмат, але зусiм нiчога не трацiў.

— Калi ты паабяцаеш згуляць вяселле праз два тыднi, — малiў ён, — я аддам табе ўсе мае грошы i не пайду ва ўнiверсiтэт, а застануся лесарубам.

Уявiце сабе, як цяжка было беднаму хлопцу зрабiць такую прапанову. Але Рудольф толькi пасмяяўся.

— Трымай свае грошы, даражэнькi Конрад, яны спатрэбяцца, калi прыйдзе твая чарга бiцца з цмокам.

Такi адказ Конрада зусiм не абнадзеiў, i ён пачаў думаць, якiм iншым чынам уратаваць брата. Кароль абяцаў засыпаць золатам таго, хто прыдумае, як пазбавiцца ад цмока. Старыя бабкi, калекi i адданыя мужы дасылалi розныя прапановы. Напрыклад, дазволiць якому прэтэндэнту на прынцэсiну руку пранiкнуць у палац крадком, — прапанова не прайшла, бо нават калi ён i здолее прайсцi ў палац, дык цмок усё роўна застанецца жывы i здаровы. Прапаноўвалi змянiць каралеўскага чарадзея на якога iншага, больш кампетэнтнага. На гэта мiнiстр унутраных спраў адказаў, што на перавозе коней не мяняюць, што каралеўскi чарадзей мае сусветную вядомасць, што нiхто не ведае замка лепей чым ён, i, сама галоўнае, што чарадзей — адзiны прынцэсiн сябар, i было б вельмi жорстка пакiнуць яе без яго падтрымкi i парады.

Адзiн разумнiк (вiдаць, незадаволены ўладамi) нават дазволiў сабе заўвагу, што калi нiчога не зменiцца, дык прынцэса так i застанецца ў дзеўках. Газеты паднялi яго на смех, i ён згубiў працу.

«Каб толькi я мог прабрацца ў палац, — марыў Конрад, — можа, я там што-небудзь бы прыдумаў. Трэба напiсаць прынцэсе лiст, але вельмi тактоўна».

Ён пачаў пiсаць лiст, але асадка не слухалася яго. Яна нiбыта мела сваю волю, якая змагалася з ягонай. Замест каштоўных прапаноў на паперы з'яўлялiся куртатыя фразы кшталту «маё жыццё ў вашай уладзе», «нельга жадаць лепшай смерцi»… Стамiўшыся, ён дазволiў асадцы пiсаць самой. Калi лiст быў гатовы, ён з жахам убачыў, што з-пад яго пяра выйшла невялiчкае прызнанне ў каханнi да прынцэсы, падобнае да тых, што амаль штодня змяшчалi газеты ў калонцы гiстарычнай хронiкi (якая не надта адрознiвалася ад некралогаў). Конрад адкiнуў паперку i пачаў пiсаць зноў. Гэтым разам справа пайшла лепей. Ён паставiў подпiс, надпiсаў на агортцы: «Прынцэсе Гэрмiёне» — i занёс лiст на пошту. Хлопец ведаў, што прынцэса атрымае ягоны лiст толькi праз некалькi дзён, а то i тыдняў, бо ёй дасылаюць вельмi шмат лiстоў…