Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 33
Эдит Несбит
Сем ддзён найлепшых рыцараў адзiн за адным павiнны былi выклiкаць цмока на смяротную бойку. Усе спадзявалiся, што калi цмок i пратрымаецца ўсе гэтыя сем дзён запар, дык, прынамсi, ужо стомiцца i на восьмы дзень будзе няздольны супрацьстаяць прынцу блакiтных крывей, якi, па чутках, асаблiвай удаласцю не вылучаўся.
Але… цмок зусiм не стамiўся, а наадварот — практыка пайшла яму на карысць, i ён расправiўся з прынцам гэтак жа лёгка, як i з сямю яго папярэднiкамi.
На гэтым скончыўся першы этап. Шляхетная кроў лiлася галонамi, але ўсё яшчэ знаходзiлiся рыцары, якiя прагнулi выпрабаваць лёс. Потым пачаўся ажыятаж, часткова заснаваны на дэмакратычным руху ў краiне, а часткова на пачуццях, якiя былi ў кожнага мужчыны (вартага так называцца) да прынцэсы Гэрмiёны. Чаму гонар вызвалiць прынцэсу належыць толькi прывiлеяванаму класу?! Кароль пагадзiўся, што гэта несправядлiва, i народ выставiў свайго кандыдата дужага, суровага каваля.
Пра шлюб каваля ды прынцэсы i гаворкi, вядома, не было. Каваль нават не марыў пра гэта. Стоячы каля прыступак, што вялi ў палац, разам са сваiмi вернымi сябрамi, якiя, рызыкуючы сабою, прыйшлi падтрымаць яго (бо гледачоў на той час ужо не дапускалi), каваль з радасцю сказаў бы некалькi словаў — калi не кахання, дык хоць нянавiсцi да цмока. Але яму было забаронена што-небудзь казаць, i, вiдаць, менавiта гэта захавала яму жыццё, бо цмок каваля не ўшанаваў — не выйшаў.
Цмокаў гнеў i прага крывi былi скiраваныя выключна на тых, хто па-сапраўднаму кахаў прынцэсу i мог, прынамсi тэарэтычна, пабрацца з ёй шлюбам. Цмок не быў ворагам людзей, ён быў асабiстым ворагам прынцэсы.
Як толькi гэта зразумелi, было нарэшце прынятае адзiнае разумнае рашэнне. Кароль — што праўда, насуперак сваёй волi — вымушаны быў даць згоду, i герольды абвясцiлi, што любы, хто заб'е цмока, возьме шлюб з прынцэсаю i атрымае палову каралеўства ў дадатак.
Падданыя зноў уздыхнулi з палёгкай. I чаму толькi нiхто раней не дадумаўся да такога простага рашэння? Надзея лунала ў паветры; публiку зноў дапусцiлi да вiдовiшча; бойкi адбывалiся штодня, i, хоць канец у кожнай быў аднолькавы, газетчыкi заўсёды знаходзiлi нешта падбадзёрвальнае: то цмок згубiў зуб, напрыклад, то на яго чорных грудзях з'явiлася нейкая шэрая пляма, то ён спазнiўся на некалькi секунд цi растаўсцеў ад добрага жыцця, а то нават усмiхнуўся i выглядаў амаль добразычлiва. Небаракам-героям таксама знаходзiлася некалькi прыемных словаў, i асаблiвая ўвага надавалася iх красамоўным прамовам, прысвечаным прынцэсе. Толькi паводле прамоваў i можна было параўнаць спаборнiкаў памiж сабой, бо iх дыялогi з цмокам нiчым не рознiлiся. Цмоку вельмi не даспадобы былi камплiменты, якiмi асыпалi прынцэсу. Чым болей гарачыя былi словы кахання, тым жудаснейшы быў канец.
Леа, Конрадаў брат, быў адзiн з першых валанцёраў i загiнуў па-геройску. Конрад вельмi сумаваў па сваiм энергiчным, нецярплiвым браце. Хiба маглi бацькi падумаць, што цмок, якi спачатку падаваўся такiм жа далёкiм, як кароль i прынцэса, знойдзе сабе ахвяру ў iх доме. Але яны ганарылiся сваiм сынам, гэта iх падтрымлiвала i памяншала боль. Конрад штодня занепадаў духам. Ён вельмi баяўся, што i Рудольфу, яго ўлюбёнаму брату, можа прыйсцi ў галаву думка выклiкаць цмока на бойку. Праўда, Рудольф быў не такi гарачы, як Леа, i апроч таго ён быў заручаны з адной мiлай дзяўчынай. А жанатым мужчынам было забаронена бiцца з цмокам, хоць, вядома, знаходзiлiся такiя, хто хаваў, што жанаты, i памiраў потым ад цмокавых зубоў смерцю халасцяка.