Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 32
Эдит Несбит
Адну толькi прынцэсу нiхто не вiнавацiў. Як i мiнулым разам, у момант трагедыi яна была недзе адна, але нiхто не ведаў дзе. А калi неўзабаве Гэрмiёну, якая была амаль у непрытомнасцi, знайшлi ў сябе ў пакоi, усе былi ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькi хвiлiн яна села за стол i сваёю рукой напiсала некалькi суцяшальных словаў чалавеку, якi ледзь не зрабiўся яе свёкрам. Гэты лiст быў надрукаваны ў газетах, i, чытаючы яго, нiхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мiзэрнай i няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагi й захаплення рыцарам (прычым другi нават болей варты, чым першы). А ў канцы лiста яна дадавала, што, вiдаць, адзiнае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне — назаўжды схавацца за кляштарнымi мурамi. Гэтая заява выклiкала буру пратэсту. З усiх куткоў краiны пасыпалiся лiсты, падданыя малiлi прынцэсу перамянiць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лiсты, давялося пусцiць дадаткова дзесяткi паштовых цягнiкоў.
Нiякiх перабояў з прэтэндэнтамi на прынцэсiну руку не было — наадварот, iх колькасць значна павялiчылася. Прынцэсiна слава расла разам з яе няшчасцем. Яшчэ нiколi Гэрмiёна не была такой папулярнай.
Народ моцна парадавала заява вайсковых экспертаў, якiя запэўнiвалi, што трагiчны выпадак не паўтарыўся б, каб кулямётчыкi былi ўзброеныя сапраўднымi, а не халастымi набоямi. «Пару добрых кулямётных чэргаў, - казалi яны, — i не будзе пра што турбавацца!» Народ з радасцю iм паверыў.
Сапраўды, трэба, каб падрыхтоўка да прынцэсiнага вяселля цалкам вялася вайскоўцамi!
Галоўнакамандуючы аддаў загад наступным разам нiкога з пабочных асобаў на ўрачыстую цырымонiю вянчання не дапускаць. Ён вырашыў, што хоць цмокавы днi ўжо i злiчаныя, але лепей з iм усё ж не жартаваць. Эскорт новага жанiха (а жанiх ужо быў абраны) павiнен быў складацца выключна з прафесiйных вайскоўцаў, вымуштраваных i добра ўзброеных.
I вось вайскоўцы выступiлi па дарозе да замка на зыходныя пазiцыi. Сонца зiхацела на тысячах iх сталёвых шаломаў. Выгляд у iх быў непераможны!
Але — на жаль! — ледзь толькi прынц прамовiў словы кахання, як скала расшчапiлася i з'явiўся цмок. Сустрэча яму была падрыхтаваная вельмi цёплая: дзесяць тысяч вiнтовачных куль i залпы кулямётнага агню вылецелi яму насустрач! Але жорсткiя цмокавы вочы нават не мiргнулi. Ён быў пазбаўлены толькi аднае радасцi: калi ён схапiў прынца, агонь не сцiх, i прынц, пакуль цмок цягнуў яго ў сваё логвiшча, быў увесь прадзiраўлены кулямi. Прынца забiў уласны эскорт, хоць у разлiкi вайсковых экспертаў гэта, вiдаць, не ўваходзiла.
Каралеўскiя хронiкi наступных двух гадоў поўныя суму. Любы гiсторык з радасцю прапусцiў бы гэтыя жахлiвыя старонкi з жыцця краiны.
Запасы прынцаў — прэтэндэнтаў на прынцэсiну руку — усё ж не былi невычэрпныя i маглi ўрэшце скончыцца. Таму было вырашана прымаць прапановы ад рыцараў, якiя мелi шляхетнае паходжанне, але былi больш знакамiтыя сваiмi баявымi подзвiгамi, чым рангам.