Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 16
Эдит Несбит
А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымi заходамi, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканалiў старыя вершы ды складаў новыя.
Але аднойчы, калi хлопчык зайшоў па нейкiх справах у вёску, ён вельмi здзiвiўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былi вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звiнелi царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамi, а людзi, апранутыя ў святочныя строi, стаялi абапал дарогi, штурхалiся i радасна шумелi. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра i пачаў прабiрацца да яго.
— Што здарылася? — закрычаў ён. — Каго чакаюць? Цырк? Цi мо яшчэ што?
— Усё цудоўна! — крыкнуў сябар яму ў адказ. — Ён едзе!
— Хто едзе? — перапытаў хлопчык.
— Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлi чуткi пра нашага цмока, i вось ён выправiўся ў дарогу, каб знiшчыць жахлiвага монстра i вызвалiць нас з-пад ягонай улады, — растлумачыў сябар. — Уяўляеш, якая будзе бойка?!
Вось навiна дык навiна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца i пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад i, стаiўшы дыханне, пачаў чакаць.
I вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкi, а тады — тупат вялiзнага каня. Сэрца ў хлопчыка забiлася хутчэй, i ён радасна закрычаў разам з усiмi, убачыўшы, як на вулiцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволi ехаў па вулiцы, не зважаючы на радасныя крыкi, мiльгаценне рознакаляровых насовак, лямант i плач жанчын, якiя на выцягнутых руках паднiмалi насустрач герою сваiх немаўлят.
Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, i ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення — да такой ступенi рыцарава хараство i грацыя пераўзыходзiлi ўсё сама чароўнае, што бачыў ён у сваiм жыццi.
Iнкруставаныя золатам даспехi блiшчалi на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, якi звiсаў з лукi сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакiтныя вочы падалiся хлопчыку суровымi i няўмольнымi.
Святы Георг спынiўся каля шынка, i вяскоўцы кiнулiся да яго ўсiм натоўпам. Яны вiталi героя, дзякавалi яму за прыезд, а болей за ўсё скардзiлiся на жахлiвую пачвару, якая нясе iм галечу i пагiбель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абаранiць iх i вызвалiць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня i ўвайшоў у шынок, а натоўп павалiў за iм.
Хлопчык з усiх ног кiнуўся да цмокавай пячоры. Нiколi яшчэ яму не даводзiлася бегаць так хутка.
— Усё скончана, цмок! — закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра. — Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабiць што-небудзь!
Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам — ён старанна вылiзваў сваю луску i палiраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава мацi. Луска блiшчала на сонцы, i цмок выглядаў проста чароўна — здалёк ён нагадваў гiганцкi кавалак бiрузы.
— Што гэта на цябе сёння найшло? Хiба можна так крычаць?! — адказаў цмок, не паварочваючы галавы. — Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кiруе назоўнiк, i тады скажы — хто прыйшоў?